ЛУКАШ МАЦЕЕЎСКІ: Радасць па-над падзеламі

ЛУКАШ МАЦЕЕЎСКІ: Радасць па-над падзеламі

Праглядаючы фільмы беластоцкіх беларусаў „Ахвяра” Тамары Саланевіч (1988), „Руская полька” пад рэжысурай Пётра Несцяровіча (2008), а таксама „Архімандрыт” Юрыя Каліны (2012), выбудоўваецца адзіная гісторыя аб захаванні духоўнай адметнасці ў канктэксце цывілізацыйных зменаў, калі метафізічныя матывы зводзяцца да мінімума.

1.

З пункту гледжання турыста (то бок, мяне ў прыватнасці), беластоцкая зямля асацыюецца з зелянінай, цішай, спакоем, прыгажосцю Паўночнападляскай нізіны, стракатымі кветкавымі дыванамі ў беластоцкім парку Плянты, нарэшце, з заспакаяльным выглядам на Белую раку, прыток Супраслі. Апроч гэтага скверы, больш за 1700 гектараў зямлі. Аднак фільмы Саланевіч, Несцяровіча і Каліны не ёсць тэчкавымі прэзэнтацыямі геаграфічных цікавостак беластоцкага мікраклімату. Найважнейшым з'яўляецца ментальная ды тапаграфічная адметнасць рэгіёну.

Непасрэднае суседства з Беларуссю, Літвой і Расеяй, а таксама шматлікія гістарычныя перадумовы, стварылі з „Беластоцкага краю” кангламерат разнастайных, узаемадапаўняльных паміж сабой рэлігій, нацыянальнасцяў ды культур. Палякі, беларусы, расейцы, цыганы, татары і ўкраінцы; праваслаўныя і каталікі. Багатую карціну гэтых узаемазалежнасцяў раскрывае кіно.

Рэпартаж Тамары Саланевіч „Ахвяра” - гэта кранальны партрэт Яна Трахімчыка. Ён бачыць у рэлігіі адзіны шанец на выздараўлення жонкі ад цяжкога ракавага захворвання. А таму ўскідвае на плечы цяжкі крыж, які нясе да аблічча святога Спаса, а таксама, каб асвяціць яго ў Грабарцы – найважнейшым месцы рэлігійнага пакланення праваслаўных у Польшчы.

Kадр з фільма
Kадр з фільма " Ахвяра ", рэж. Tамара Саланевіч (1988)

Камера назірае за шматдзённай адысеяй Трафімчыка, які цягам шляху паволі губляе сілы. Лекар намаўляе яго адмовіцца ад далейшага паломніцтва, але мужчына верыць у цудадзейную моц адрачэння. Ён мае ясна акрэсленую мэту, давярае Божай ласцы. Ідучы полем, гаем ды лесам змагаецца з атмасфернымі перашкодамі, але суцяшэнням служыць рэакцыя чужых для яго людзей. Грукаючы ў адны дзверы за другімі, найчасцей трапляе на зычлівае стаўленне. Сталага веку, хваравітыя кабеты з ваколіц Сямятыч, Мілейчыц ці Нурца просяць Яна аб хадайніцтве да Маці Божай Усіх Тужлівых. У гэты момант крыж на плячах Трахімчыка пачынае прагінацца пад цяжарам людзкіх бедаў, якімі дзеляцца з паломнікам сустрэчныя. Назва „Ахвяра” паходзіць з даўніх вераванняў славян, то бок, ахвяраванне ў гонар Бога. Яно мусіць быць завершанае. Мэта, святая гара Грабарка, ўсё бліжэй...

У кантэксце „Ахвяры” неабходна ўзгадаць асобу рэжысёркі і сцэнарысткі фільму. Тамара Саланевіч памерла 12 год таму. Нарадзілася перадваенны перыяд у беларускай сям'і ў Нарэўцы, дзе бальшыня - гэта польскія беларусы, праваслаўныя вернікі. Цягам сваёй прафесійнае кар'еры яна партрэтавала праблемы жыхароў Беласточчыны.

Самыя гучныя творы, узнагароджанныя на шматлікіх фетсывалях, „Антыгона ў стадоле”, „Гэля Пацэвічаўна з Задворан”, „Зямля” ці „Матачнік” - аперавалі распазнавальнай ад першых хвілін паэтыкай, якая палягала на спалучэнню часам брутальных дэталяў з лірычным вобразам, выяўляючы пры гэтым прыгажосць пейзажу. У фільмах Тамары Саланевіч каментар ці дыялог быў часта заменены на гукавую сцежку ці красамоўныя, сімвалічныя сцэны, дзе паўтараліся секвенцыі з іканаграфічнымі і рэлігіійнымі матывамі.

2.

Пётр Несцяровіч, рэжысёр „Рускай полькі”, з'яўляецца чарговым прадстаўніком творцаў, што паходзяць з пакалення „Беластоцкага краю”.

Кузін Тамары Саланевіч і сын Мікалая Несцяровіча (вядомага аператара, аўтара здымкаў, між іншым, „Ахвяры”) працу ў фільме распачынаў у ролі асістэнта на плане „Крэсовай Балады” прадукцыі TVP. Разам з цёткай, Тамарай Саланевіч, Несцяровіч супрацоўнічаў над стварэннем яе апошняга дакументальнага фільма „Польскія татары” („Tatarzy Polsсy”) знятым ў цыкле „Паміраючыя цывілізацыі”.

„Руская полька” ягоны аўтарскі дакументальны фільм. Перад гэтым былі стужкі „Аднаго жыцця за мала” („Jednego życia za mało”, 1996) і „Паштоўка з неба” („Pocztówka z nieba”, 2006)

Дакумент быў зняты ў мястэчку Орля, ваколіцах Белавежскай пушчы. Там у бальшыні сваёй пражывае беларуская праваслаўная меншасць. Орля знаходзіцца побач з Дубічамі Царкоўнымі ды Чыжамi і налічвае каля 1 тысячы жыхароў. Гэта прыгожы раён. Рэжысёр разам са сваімі аператарамі (Адамам Фрэньско, Мікалаем Несцяровічам, Лукашам Старкем, Кшыштафам Кадлубоўскім), з усім адчуваннем фатаграфуе прыгажосць асветленых сонцам мясцінаў. Драўляныя хаціны, каляровыя палеткі, сцяжыну, што вядзе да лесу, гусей, куры, каровы... Адным словам, сялянскі быт.

Kадр з фільма
Kадр з фільма "Руская Палячка", рэж. Пётр Нэстэровіч (2008)

Але Орля мае таксама і цёмную гісторыю. Перад вайной гэтае мястэчка насялялі жыды. Пасля 1945-га (у выніку створанага гетта) яны назаўсёды зніклі з пейзажу паселішча. Не багата засталося пасля іх і слядоў.

Цікавай ідэяй з боку аўтараў „Руская полькі” было стварэнне нарацыі аб гісторыі сённешняй рэчаіснасці Орлі праз пасярэдніцтва мясцовых дзяцей. Пра даўнія падзеі яны ведалі толькі ад бацькоў ды не былі абцяжараныя баластам камунізму ці гістарычнага рэсэнтыментызму. Яны жывуць разам: праваслаўныя, каталікі, баптысты, зялёнасвёнткаўцы.

У адной з першых сцэнаў фільму мы знаёмімся з галоўнай „правадніцай” па „Рускай польцы” - спрытнай Юстынкай. Яна мае 10 год і паходзіць з праваслаўнай сям'і. Каля яе сядзіць Матэуш – адзіны каталік у школьным класе. Гэта нікому не замінае. Неўзабаве да дзяцей падсядае старэнькая бабулька, і гэтак будзе ўжо да канца фільму: старое і новае, гісторыя і дзень сённяшні, мары і рэчаіснасць.

Дзеці адкрытыя на свет. Матэуш з зацікаўленнем заходзіць у царкву, Юстына прыглядаецца да каталіцкіх рытуалаў. Калі распавядае пра мясцовую знахарку, у яе пабліскваюць вочы. Аднак не ўсе даюць веры ў чараўніцтва. Рацыянальная сяброўка са школы настроена скептычна. Яе свет – гэта канкрэты, а не магія.

Паступова мы прызвачайваемся да малагадовых герояў. Юстына выходзіць за парог драўлянага дому, выносячы здымкі сваіх продкаў. Стракатае лета хутка замянецца на суровую зіму. Каталіцкая Вігілія папярэднічае праваслаўным Калядам. Аднак дзеці цешуцца з гэтай нагоды аднолькава, незалежна ад назвы свята. Бо, ўласна, так прынята ў Орлі – радасць па-над падзеламі.

3.

Aрхімандрыт у перакладзе з грэцкай даслоўна азначае „кіраўнік аўчарні”. На ранніх этапах хрысціянства архімандрыты апекаваліся кляштарамі ў межах дыяцэзіі. Падобныя функцыі архімандрыты выконваюць і сёння толькі ў межах праваслаўнай царквы (у каталіцкім касцёле – абаты). У дакуменце Юрыя Каліны, знятым на замову Белсат-ТВ, з выдатнымі здымкамі ад Рамана Васілюка, мы пазнаем архімандрыта Гаўрыла – харызматычнага праваслаўна манаха, заснавальніка і адзінага жыхара пустэльні ў Святым месцы Кудак над ракою Нарва. Гэтая постаць з іншага, бадай, лепшага свету. Айцец Гаўрыіл спачатку жыў адзін у так званым „баракавозе” без доступу да вады і электрычнасці, дакладна як і сярэднявечныя астэты сябе даводзіў амаль да мёртвага стану, пасціў і маліўся да Святога Антонія і Феадосія Пячэрскіх. Імаверна, быў першым пустэльнікам у пасляваеннай Праваслаўнай царкве.

І хаця цяжка ў тое даць веры, але яшчэ зусім нядаўна недаступнае, непралазнае ды аточанае багнай месца, сёння напоўненае жыццём і энэргіяй. Дзякуючы імпэту архімандрыта і дапамозе мясцовых праваслаўных вернікаў, у Кудаку паўстала драўлянай царква з прыбудовамі. Гэтыя мясціны адразу сталіся вядомымі ўва ўсім рэгіёне. Туды прыбываюць паломнікі, а айцец Гаўрыіл шукае паслядоўніка...

Kадр з фільма
Kадр з фільма "Aрхімандрыт", рэж. Юры Kаліна (2012)

Падчас беластоцкай прэм'еры „Архімандрыта”, рэжысёр фільму Юры Каліна, казаў: „Беларуская, праваслаўная тэматыка была неад'емнай часткай грамадскага жыцця ў нашым горадзе.”

Тэзы Каліны пацвярджаюць фільмы, знятыя іншымі творцамі гэтага рэгіёну. Творы „Беластоцкага краю” з'яўляюцца не толькі этнаграфічнай хронікай адыходзячага свету, але таксама інтрыгуючымі запісамі стану свядомасці сённяшніх жыхароў Беласточчыны.

Лукаш Мацееўскі






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.