СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ: Тры doc

СЯРГЕЙ ХАРЭЎСКІ: Тры doc

Падзеі, што скаланулі пасля прэзідэнцкіх выбараў Менск19 снежня 2010, скаланулі, або зьдзівілі мала каго. Увага сьвету была прыкутая да падзеяў у іншых краях, куды больш маштабных і куды больш важных, для таго самага вялікага сьвету. Беларусь засталася сам-насам са сваёй бядою.

Разуменьне маштабу таго, што адбылося ў нашай краіне прыйшло спакваля і запозна… І азіраючыся на той год, згадваючы 1996, 1991, 1988, урэшце, калі людзі рушылі на Курапаты, мы ўсведамляем, наколькі доўгая нашая дарога і наколькі неацэнным ёсць вычын тых, хто выйшаў на вуліцы і плошчы Менска ў сьнежні 2010 году. Бо яны ня страцілі надзеі і не зламіліся ў адчаі.

І сёньня тыя, каму ня выпала быць непасрэдна сьведкам падзеяў тае марознае начы, сёньня будуць іх уяўляць і ўзважваць праз кіно. Сама меней праз тры фільмы, што гэтак хутка і сваечасова былі выраблены рознымі майстрамі. Рознымі ня толькі паводле ўзросту і маштабу талентаў, але і паводле рознасьці задачаў, што яны ставілі перад сабою, робячы гэтыя фільмы. Тры фільмы пра падзеі Плошчы-2010 і найноўшай гісторыі Беларусі.

Крыламі-марамі

Фільм расейскай журналісткі Кацярыны Кібальчыч"Беларуская мара", наадварот, цалкам з’арыентаваны на гледачоў у Расеі. Кацярына нарадзілася і атрымала вышэйшую адукацыю ў Менску, таму ўсё ж праблематыка ёй ня чужая, зрэшты, і ня новая. Пэўна, таму і праца выйшла вельмі эмацыйнай, асабістай, драматычнай, але, урэшце, лірычнай…

Лічыцца, што фільм «Беларуская мара» - першы незалежны фільм аб падзеях Плошчы-2010, калі спецназ жорстка разагнаў акцыі апазіцыі. …

У гэтым фільме расповед вядзецца ад імя маладога чалавека з Менска, які ўсё сваё маладое жыцьцё жыве ў краіне «апошняга дыктатара Эўропы». У фільме багата хронікі, цікавых, забытых ужо кадраў. Тыя, хто крыху старэйшы за саму рэжысэрку ацэняць сёньня ўжо ўнікальныя віды Менска на пераломе 70-х і 80-х гадоў, паколькі гісторыя пачынае разгортвацца яшчэ ў савецкія часы на сконе эпохі Брэжнева. Клімат горада ствараюць нематывавана аптымістычныя кадры пампезнага Горада СонЦа, і ўтульнае цішы горада часоў канца імпэрыі.

Умоўны гэрой, ад імя якога вядзецца расповед, кажа: «Я больш за ўсё люблю гуляць па Менску рана раніцай, калі на вуліцах яшчэ зусім няма людзей. Тады горад мне здаецца дэкарацыямі для нейкага фільма ». І гэтая, перашя частка фільма, удала стылізаваня пад старую кінахроніку, самая каштоўная ў мастацкім сэнсе. Бо цэласнасьць ідэі і стылю ўжо спраўджана гадамі і апэлюе да вельмі персанальных, блізу інтымных перажываньняў. Гэтую, лірычную, частку фільма зьмяняюць кліпавыя нарэзкі з эпохі хаосу распада СССР, што зьмяніўся ўладаю Лукашэнкі. І вось тут узьнікаюць правалы ў памяці. Беларуская нацыя, як і сам гэрой, выглядае адно пасыўным аб’ектам гісторыі, што рабілася й робіцца без яе ўдзелу. Пры такой масе матэрыялу ня дзіва, што павыпадалі такія найважнешыя падзеі, як Чарнобыльскія й Курапацкія маршы, сутыкненьні з савецкімі спэцвойскамі ў далёкія тыя 1980-я…

Але, перадусім, фільм прысьвечаны драматычным падзеям у Беларусі 2011 году: поўная стабільнасць, гэтак званыя прэзідэнцкія выбары, расправы над апазіцыяй, палітычны і фінансавы крызіс, пра ўзьніклыя ў сацыяльных сетках акцыі маўклівых апладысментаў, і сілавы разгон пратэстуючых, і зноў стабільнасьць, поўная. Тут і раскрываецца напоўніцу талент маладой тэлевізійнай журналісткі – кадраў шмат, адзін красамоўней аднаго, сюжэт закручваецца, як сьпіраль гадзіньнікавага мэханізму… Пры тым стваральнікі цалкам прагінаравалі агчымасьці музычнае аздобы відэашэрагу, не працялі сюжэтную лінію хоць музычнай тэмаю. Праз тое фільм становіцца ўсё больш рыхлым пад канец, перагружаным маргінальнымі сцэнамі беларускага трэшу, хохмамі вакол наведваньня Лукашэнкам з сынам мэтро пасьля выбуху… Разьлічаная на сьветаўспрыманьне расейскага гледача, сюжэтная лінія ўсё ж саскоквае, сыходзіць зь беларускае каляіны й губляецца ў дзірване ёрніцтва й касьмічнага маштабу высноваў пра беларусаў і іх апазыцыйных лідараў.

Гэрой фільму з тысячамі грамадзян у ноч выбараў быў на Плошчы ў снежні 2010 года і да апошняе хвіліны да разгону, нібы верыў, што дэмакратыя, нібы, перамагла.

Сэрца парыўна забілася
Вольнымі крыламі-марамі.

Наіўна? Бадай, што так. Бо гэрой цягам фільма так і стаўся асобаю, суб’ектам гісторыі. Сярод іншага і закіды ў бок неарганізаванае апазыцыі гучаць штучна, нібы пад дыктоўку.

Колішняя мінчанка Каця Кібальчыч, рэпарцёр Першага расейскага канала і ляўрэат расейскае прэміі ТЭФІ за асвятленьне беларускай выбарчай кампаніі на Першым дзяржаўным канале Расеі, не магла зьвінаваціць каго іншага. Тых, хто пасьлядоўна, насуперак цэламу сьвету падтрымлівае Лукашэнку, тых, хто зьбярог яго ў 1996 і працягвае даваць усё, што б ні папрасіў іхны гадаванец, хто не зважаючы ні на што, заплюшчвае вочы на тое, што дзеіцца ў Беларусі. Ці магло бы ўсё тое, пра што распавядае ў сваім фільме Кацярына Кібальчыч дзеіцца, каб не адназначная й трывалая падтрымка Крамля? Не. Але гэтага журналістака расейскага дзяржаўнага каналу выславіць не магла бы. Ды й фільм, які паглядзелі ўсё ж у Расеі, мог ня ўбачыць сьвет. Апошнія сказы фільма, што гучаць з паўзмроку:«Можа быць, вам зараз цікава, хто я? Можа быць, я ваш сусед, можа быць, хтосьці, каго вы ведаеце. Можа быць, я - вы самі. Такіх, як я, нас проста шмат ». Падазраю, аднак, што такіх усё ж няшмат.Седзячы па гэты бок экранаў і межаў, мы так і засталіся без уцямнага адказу, чым насамрэч, ёсьць нашая Мара? Гэты адказ нібы мусова павінен быў быць напрыканцы. Не было… Засталося толькі трымценьне й парываньне сэрца.

Не апошні

Фільм, зьняты Мэцью Чарльзам і аператарам Хуанам Луісам Пасарэлі, з пратакольнай назваю, нібы ўзятай з энцыкляпэдычнае дэфініцыі «Апошні дыктатар Эўропы», стаўся ня першым але, бадай, далёка не апошнім, на нашую тэму. У фільме распавядаецца аб рэпрэсіях, катаваньнях, выкраданнях, што адбываліся ў Беларусі цягам апошніх доўгіх гадоў.

Разьлічаны на эўрапейскага гледача, фільм, зьняты эўрапейцамі пра нас, па вызначэньні ня можа быць успрыняты адназначна нашай публікай. Перадусім таму, што ў ім няма тутэйшага кантэксту, суб’ектнасьці беларускае нацыі. Таму гутракі з мілымі, інтэлігентнымі людзьмі, што ўмеюць гаварыць па-ангельску, іх побыт і клопаты, відавочна адчужаныя ад нашага ўспрыманьня рэчаіснасьці знутры. Фільм прапануе менавіта заходні погляд на беларускага сатрапа й ягоных абаяльных апанэнтаў. Аўтары дэманструюць цалкам паталягічны для Эўропы палітычны рэжым у Беларусі, наноў звяртаючыся да тэмы, што сёння недастаткова добра вядомая ў свеце. А дакладней, калі й ведамая, то не ўсьвядомленай і не прааналізаванай… Такое ўражаньне, што аўтараў больш абражае тое, што такая дыктатура йснуе менавіта ў Эўропе. А каб жа ж дзеяньне было перанесенае ў якія паўднёвыя краіны, то й шок быў бы меншы ды й прэтэнзіяў да ўладаў меней.

У аўтараў гэтага фільма ёсьць шок, ёсьць матываванае непрыманьне рэжыму, што яны падзяляюць са сваімі гэроямі. Гэта цалкам можна зразумець, але неўразумелым, падазраю і для заходніх гледачоў, застаецца фенамен паходжаньня такога тыпу персанажаў, як Лукашэнка. Роўна ж, як і сакрэт трываласьці ягонага рэжыму… Купка інтэлігентаў на выгнаньні, або ў нядолі ў Беларусі, выяўлены Чарльзам і Пасарэлі маргінальнаю. Хоць і вельмі сымпатычнаю купкаю… І тут, бадай не правіна аўтараў. Ян працавалі ў нашай рэчасінасьці, сыходзячы з вельмі абмежаваных магчымасьцяў. Большая частка здымкаў праводзілася таемна. Сам рэжысёр фільма, ангелец Мэцью Чарльз, неаднаразова бываў у нашай краіне, прыязджаў адмыслова для здымкаў у Беларусь. І хоць стваральнікі філма імкнуліся рабіць усё пакрыёма, іх таямніца была добра ведамая беларускім спэцслужбам. Калі рэжысёр выязджаў з Беларусі, то яго запынілі для роспытаў на мяжы. Пэўна, і гэтая акалічнасьць пасадзейнічала яшчэ больш жорсткай, наколькі гэта было магчыма, ацэнцы аўтарамі беларускіх падзеяў. Зрэшты, яны й ня ставілі перад сабою пытаньня аналізу прычынаў таго стану, у якім апынуўся наш край, не ўздымаліся да гэапалітчных высноваў…

Мэцью Чарльз пасьпеў, аднак, пабываць ня толькі ў Менску, але й пракаціцца па краіне, да самое Алескандрыі, што на Шклоўшчыне над Дняпром… Асабістае знаёмства з вязьнямі рэжыму, лідарамі апазыцыі, прадстаўнікамі палітычане эміграцыі, далі аўтарам багатую фактуру. І, фільм атрымаўся шчырым і безпасрэдным, зробленым нераўнадушнымі людзьмі. З густам зроблены дызайн, далікатны, плаўны мантаж, працяглыя гутаркі з паўзамі, ствараюць цалкам давяральную, зычлівую атмасфэру. Нельга не адцеміць у музычны шэраг, на які, нібы пацеры на ружанец нанізаныя сюжэты. Перадусім, гэтымі сюжэтнымі адзінкамі, скрозь уввесь фільм, сталі гутаркі дзьвух жанчынаў - сястры Андрэя Саннікава, Ірыны Багданавай і дачкі Уладзіміра Някляева Евы. Да таго ж агучвае фільм па-ангельску вядомая брытанская актрыса Джаана Ламлі. Датклівы, субтыльны жаночы вобраз, супрацьстаціць брутальнаму фалічнаму вобразу дыктатуры. Не паверцыь проста немагчыма!

Таму ня дзіва, што «Апошні дыктатар Эўропы», фільм Мэцью Чарльзам і Хуанам Луісам Пасарэлі, ужо сёлета быў прызнаны журы лепшым фільмам Фестывалю незалежнага кіно ў Лёндане. І гэта справядліва. Бо гэта добрае эўрапейскае кіно для эўрапейцаў. Ня першае, і далёка, на жаль, не апошняе кіно пра тое, як пэрсанажы становяцца з блазнаў узурпатарамі… А вось жа што да нашага гледача, то нам таго замала, бо сьвярбяць усё ж багата нявыслаўленых пытаньняў…

Навошта?

Фільм рэжысёраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы «Даволі! Да Волі…», таксама распавядае пра падзеі, што разгарнуліся ў Менску пасьля прэзідэнцкіх выбараў, пра масавыя маніфэстацыі ды рэпрэсіі супраць іх удзельнікаў. Гэта доўгае і цяжкае кіно, што пакідае магутнае ўражанне і не дае аслабіць увагу ні на хвіліну. Вусьцішнае ўражаньне робяць на гледача рэальныя сведчаньні людзей пра збіцьцё, арышты і катаваньні. У выніку таго, што фільм здымаўся цягам цэлага году, гэтыя сведчаньні, пераасэнсаваныя ўдзельнікамі падзеяў і распаведзеныя кінематаграфістам, становяцца гістарычным дакумантам.

Але аўтары спрабуюць даць адказ, дзеля чаго, навошта тыя людзі, лідары і нялідары, маладзёны й старыя выйшлі на Плошчу? І таму, хоць гэты фільм распавядае пра палітычныя падзеі, ён не зусім … палітычны. У фільме Ракіцкага і Куцілы ставяцца праблемы этычныя, маральныя, людзкія. Таму гэты фільм можа прэтэндаваць на ўнівэрсалізм. Яго зразумелі бы й прынялі і ў Эўропе і ў Расеі…

Бо аўтары ставілі сабе на мэце расповед не пра лідараў грамадзянскае супольнасці, палітычнае апазыцыі, кандыдатаў у прэзідэнты ды іх каманды, а пра канкрэтных людзей, менавіта шэраговых удзельнікаў акцыі пратэста 19 сьнежня. Вынікам паходу па Волю для болей як 700 чалавек атрымалі зьняволеньні ад некалькіх сутак да 6 гадоў. Добрыя і разумныя людзі ў тыя грозныя дні думалі пра будучыню — гэта выключна высакародная якасьць. Калі роўным спакойным голасам у ціхай студыі жанчыны і мужчыны, маладыя і старыя кажуць пра зьдзекі і абразы, пра салідарнасьць і веру, цяжка кіраваць сваімі пачуцьцямі. Правераныя й асьцюджаныя за год эмоцыі сталіся трапнымі й дакладнымі. У гэтым сэсе фільм Ракіцкага й Куцілы атрымаўся куды больш вынашаным і прадуманым, пазбаўленым шалупіньня першасных маторных рэакцыяў, эмацыйнага перахлёсту.

Эмацыйны катарсіс наступае пасярэдзіне фільма, калі на экране з’яўлюцца маткі і сваякі арыштаваных і засуджаных, якія крычаць нема, або заліваюцца слязьмі па сваіх дзецях… Тут адбываецца пералом у карціне, зьбіўшы яе з патаснага тропу.

Фільм падзелены на паасобныя главы, напрыклад — Да Волі, Сцяна, Краты, паміж якімі стаяць асобныя гісторыі асобных людзей, што здымаліся цягам году.

Гэта гісторыя шэраговых людзей, якіх нішто не зламіла. І слухаючы іхныя словы, разумееш, што шлях да Волі ляжыць праз пакуты. І гэтыя пакутнікі ясна ўсведамляюць гэта. І не шкадуюць пра раны свае душы. Бо яны былі ня марныя. Прынамсі на тое спадзяюцца яны й стваральнікі гэтага фільма.

Фільм Ракіцкага і Куцілы зняты ў манахромнай гаме: белы сьнег, бель сьцягоў і чырвань на іх, чырвань на сьнезе, а яшчэ чорнае неба і чорныя адзежы тых, хто рве сцягі, б’е жанчынаў і хаваецца за чорныя маскі. Гэтая скупая каляровая гама надае фільму асаблівы дух гістарычнае аб’ектыўнасці. Як і кадры з саміх гістарычных аб’ектаў — сумнавядомае «Валадаркі», што, аказваецца, сперазалі стальнымі цягамі, каб не развалілася дашчэнту, «Амэрыканкі», дзе катавалі ды забівалі за беларушчыну яшчэ ад часоў Сталіна… Аўтарамі быў надзвычай дакладан абраны музычны аўдыёшэраг, строгі й узьнёслы. Менавіта праз гукавае афармленьне рэжысёры зрабілі дадатковую, большую вартасьць таму наратыву, што выслаўляецца словамі.

Нас вяддуць дэпрэсіўнымі нішчымнымі вуліцамі Асіповічаў, дзе жыве герой фільма — Ігар Сімбіроў ды Талькі, дзе жыве пазбаўленая працы настаўніца Тацяна Ільлініч. Гэтая безнадзейная нішчыміца руйнуе эрзацны вобраз квітнеючае краіны, ствараючы пачуцьцё іррэальнасьці. Бо менавіта так, як у гэтых мястэчках, або на ўскраінах вялікіх гарадоў і мінае штодзённасць бальшыні беларусаў. Мінімалізм сродкаў, што скарысталі аўтары, падкрэсьлівае тактоўнае ўніканьне імі ўласных камэнтароў, асабістых эмоцыяў. Праца над дакументальным фільмам — школа праўды. Блізу ўвесь тэкставы шэраг прамоўлены вуснамі гэрояў 19 сьнежня. І пра гэтую задачу і пра тое наколькі нязносна складана было выслухаць гэтых людзей, а пасля зноў і зноў вяртацца да іх горкіх і цяжкіх словаў падчас працы, падчас прэзентацыі казаў Вячаслаў Ракіцкі.

Але пазьбегнуўшы дыдактыкі і мітынговага патасу, аўтары далі магчымасць выказацца і тым, хто не стаўшы быў непасрэднымі персанажамі фільма — тысячам беларусаў на плошчах і вуліцах. Прынамсі, стваральнікам фільма ўдалося даць мне некаторыя адказы, што я шукаў… Дзякуючы ім, я ўсьведамляю куды ясьней, навошта мы працягваем свой шлях. Каб не пазбыцца сваёй людзкасьці…






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.