РАФАЛ ПАЎЛОЎСКІ: У Менску так сама самотна як і ў Токіо

РАФАЛ ПАЎЛОЎСКІ: У Менску так сама самотна як і ў Токіо

Размова з рэжысёрам Міраславам Дэмбінскім

Як так сталася, што вы зацікавіліся Беларуссю?

Міраслаў Дэмбінскі: Дзесьці 25 год таму, калі быў студэнтам кінашколы я зацікавіўся Памаранчавай альтэрнатывай. Гэта былі часы Польскай Народнай Рэспублікі. Яшчэ не было Круглага стала, панаваў маразм і безнадзейнасць, і Памаранчавая альтэрнатыва падавалася чымсьці выдатным. Новым рэцэптам на рэчаіснасць. І я зрабіў пра гэта фільм. Калі ў 2004 годзе адбылася Памаранчавая рэвалюцыя на Украіне, то з'явілася вельмі натуральнае параўнанне. Не вядзецца пра сам колер, але пра пэўную нязгоду з рэчаіснасцю, пра спробу ўзяць лёс у свае рукі. З Маёрам – стваральнікаў Памаранчавай альтэрнатывы – вырашылі паехаць на Украіну з памаранчавай падтрымкай ад гномаў з Уроцлава. Для мяне гэта было фантастычным досведам не толькі як для кінатворцы. Я адчуваў вялікае ўзрушэнне, калі сустракаў людзей сталага веку і яны нам казалі: „Вы, палякі, мусіце нам дапамагчы”. Яны частавалі нас на ежай, хочучы такім чынам падзякаваць нам за падтрымку, і крычалі „Юшчанка, Юшчанка!”. Тут не вялося пра канкрэтнага кандыдата на прэзідэнта, а пра дэмакратычныя выбары. Гэта быў сімвал таго, што свабодныя людзі могуць самі вырашаць свой лёс. У нас быў такі happening – выразаны з паперы тэлевізар і мікрафон пры ім. У кожным горадзе каля гэта тэлевізара стаялі вялікія чэргі людзей, якія хацелі нешта распавесці ад сябе. У іх была патрэба заявіць пра тое, што нарэшце яны маюць голас. Гэта было фантастычна. У захапленні такім Украінскім Святам, пасля сканчэння фільму „Гномы едуць на Украіну”, задаў сабе пытанне: якія фільмы я хачу рабіць далей? І падумаў, што ў наступным годзе будуць выбары ў Беларусі і можа якая-небудзь памаранчавая ці блакітная рэвалюцыя адбудзецца і там. Вырашыў зрабіць такі фільм пра Менск.

Аднак у Беларусі была трошкі іншая сітуацыя...

На колькі ва Ўкраіне была тады нестабільная дэмакратыя, то ў Беларусі быў рэгулярны рэжым. Было адно тэлебачанне, АМОН усё кантраляваў і г. д. Гэта была непараўнальная сітуацыя, але, аднак, патрэба зменаў і дэмакратычныя памкненні ў вялікай часткі грамадства былі. І яны маніфеставалі іх. Ад самага пачатку думаў як зрабіць фільм пра гэтую сітуацыю. Пасля усвядоміў, што кожны рэжым мае два абліччы: страшнае, а таксамо другое – смешнае. Кожны рэжым дурны і жудасны ў той жа час. Мне гэта было цяжка змясціць ў адным фільме. Я ведаў, што рок-музыка ў Беларусі гэта такая ідэйная, традыцыйная культурная плынь, якая з'яўляеца пэўным сімвалам. Таксама пазнаёміўся з маладымі людзьмі з падпольнага Ліцэя імя Коласа. Вельмі свядомых. І вельмі падобных да сваіх равеснікаў тут, у Польшчы. Яны маюць такі самы пірсінг у носе, так сама памаляваныя валасы, слухаюць тую ж музыку і ад такога самага пакалення ў Польшчы ды Еўропе іх адрознівае толькі тое, што яны не маюць права галасаваць і маніфеставаць наўпрост сваю свабоду. Іх зброяй была навука. І маё мысленне ішло ў двух гэтых кірунках, тэмах. Нарэшце, вырашыў, што гэта будуць два фільмы. „Урок беларускай мовы” паказвае трагічны кантэкст таго, што адыбваецца ў Беларусі. І „Музычная партызанка” - гэта смешнае аблічча рэжыму, якое дасканала выяўлялі ў сваёй творчасці Піт Паўлаў і Лявон Вольскі з гурту N.R.M. Здымкі рабіліся паралельна. У пэўным момант я быў затрыманы на мяжы, і пасля гэтага мне забаронена прыязджаць у Беларусь.

Як так атрымалася?

Ад самага пачатку мы ўсведамлялі, што стварэнне фільму ў Беларусі паводле традыцыйных стандартаў: прыязджае рэалізацыйная група, просіць аб акрэдытаыі і рэалізуе фільм, скончыцца альбо адмовай, альбо прыпішуць да нас нейкага афіцэра, які будзе паказваць што можна здымаць. Маючы такую свядомасць мы вырашылі рабіць фільм падпольна. Як турысты. З аматарскім абсталяваннем, які да канца такім не быў, але не кідаўся ў вочы міліцыянтам, што нас кантралявалі. Мы хацелі паказаць гэты свет унутры. Знаходзіцца як мага блізка да маладых людзей з апазіцыі. Быць побач з імі таксама ў сітуацыях небяспечных. І неяк гэта атрымалася. У працэсе здымкаў увесь час ездзіў паміж польшчай і Беларуссю. частку матэрыялаў мы паказвалі тут як кліпы чагосьці файнага, што цяпер робім. Гэта ў сваю чаргу нараджала рух падтрымкі Салідарныя з Беларуссю. Хтосьці падчас маніфестацыі паказаў гэтыя фрагменты з праектара на сцяне амбасады. Нічога дзіўнага, што ўрэшце мной зацікавіліся ўлады і я быў затрыманы.

Але фільмы скончыць атрымалася.

Мы ехалі на выбары ў лютым 2006 года. Мяне і аператара ў Берасці адправілі назад у Варшаву, але нашчасце другі аператар Мацей Шафніцкі з памочнікам Пётркам Дудановічам (spiritus movens у маім зацікаўленні Беларуссю) атрымалася дабрацца да Менску і яны далей рабілі гэты фільм. У нас былі дамоўленыя героі і здымачныя сцэны. Я стараўся праз тэлефон гэта кантраляваць. Упершыню рэжысаваў праз мабільны тэлефон. Але два дні перад выбарамі да мяне тэлефануе аператар і паведамляе, што ў іх дзверы грукочуць міліцыянты. І што ён мае рабіць? Я быў уражаны, бо сітуацыя выглядала не тыповую. Адчуваў адказнасць за сваіх людзей. Я паглядзеў на сваю жонку, якая мела падобны досвед з часоў Ваеннага становішча ў Польшчы, і яна кажа: не адчыняць. Для бяспекі, бо было невядома ці не падкладуць выбухоўку, каб вынесці дзверы, аператар схаваўся пад ложкам і пераказваў далейшае развіццё падзей. Гэты такі хлопец, якія рабіў экстрэмальныя фільмы, а таму адрэналін – гэта штодзённасць у ягонай працы, але гэты выпадак даў яму, бадай, найбольшую, порцыю хвалявання. Я адчуваў праз тэлефон, што ён бледны. Стараўся ім неяк дапамагчы. Затэлефанаваў да консула, каб прыехаў да хлопцаў. Падаў інфармацыю польскаму тэлебачанню. У гэты час аператар назіраў, як міліцыйны кардон бярэ ў ачапленне ягоны дом. Калі з'явісўя консул, ён даведаўся ад амапаўцаў, якія нікога не пушчалі, што ў доме падкладзена бомба. Скончылася ўсё так, што консул праз мабільны тэлефон навязаў з аператарам кантакт і вырашылі, што ён адчыніць дзверы, але пры гэтым побач з ім будзе консул. Дыпламат ідзе пад дамоўлены нумар і кажа: Спадару Мацею, можаце адчыняць дзверы. Ён адчыняе, а там няма аніякага консула. Стаяць амапаўцы – змучаныя, бо больш за гадзіну валілі ў дзверы да знямогі. Трошкі здзіўленыя такім паваротам, але кінуліся на яго і затрымалі. Аказалася, што консул памыліўся паверхамі. У выніку хлопцаў не арыштавалі, але канфіскавалі ўсю тэхніку. На шчасце, не забралі здымкаў, бо свой штодзённы „ўлоў” яны хавалі метадам капітана Клосса – у камеры захоўвання на вакзале. Гэты матэрыял пасля дыпламатычнай поштай трапіў у Польшчу і ў фільм. Пры гэтым Мацек з Пётркам, перад тым як адчыніць дзверы, паставілі камеры насупраць уваходу і ўся акцыя была знята. Толькі усё разам з абсталяваннем было сканфіскавана, і, пэўна, недзе цяпер ляжыць у архіве КДБ.

Вам усцяж забаронены ўезд у Беларус?

Нават, цяпер, калі мы рабілі „Менск ад світання да заходу”, то я ўжо не звяртаўся па візу. Раней мне некалькі разоў не столькі было адмоўлена, колькі проста не пастаўлена штампа. Пашпарт аддаў, ён тыднямі ў іх ляжаў. Была нейкая прэм'ера, куды меўся ехаць. Але яна ўжо адбылася, а адказу ў справе візы ўсцяж не было. Пры гэтым з нагоды праекту „Свет ад світання да заходу” была іншая імпрэза – у Маскве. Меўся ехаць і весці гэтую імпрэзу разам з Мацеем Дрыгасам і тут мне ўжо афіцыйна было адмоўлена. То бок не толькі ў Беларусь, але, нават, у Расею не магу выехаць. Гэта адзін СБІР – Саюз Беларусі і Расеі. У іх супольная адміністрацыя і КДБ. Я не выступаў актыўна спраць Пуціна. Не прыпісваю сабе заслугаў на гэтым полі. Але праблемы з Лукашэнкай вядуць да блакады на ўсю Расею. Гэта акурат ёсць непрыемна, бо меў розныя здымачныя планы звязаныя з Расеяй і пакуль мушу іх адкласці. Але што тут зробіш – такія кошты. Фармальна „Ўрок беларускай мовы” быў прызнаны судом за экстрымісцкі матэрыял, а экзэмпляр DVD, які ацэньвалі суддзі, быў спалены. Нягледзячы на тое, што гэты фільм атрымаў каля 18 узнагародаў, то менавіта гэты крок уладаў для мяне ёсць самым прэстыжным прызнаннем.

І вы надалей падтрымліваеце сувязь з Беларуссю?

Нягледзячы на забарону ўезду, стараюся актыўна супрацоўнічаць як з Белсатам так і з тамтэйшымі кінатворцамі. Прадусараваў 4 фільмы Уладзіміра Коласа – дырэктара таго падпольнага ліцэя, а таксама дакументаліста: „Галерэя Ады”, „Народны альбом”, „Белы ветразь над Прыпяццю”, „Крызіс у раю” і адзін фільм Віктара Аслюка „Зямля”. Увесь час стараюся быць актыўным на гэтым полю.

А якія шляхі прывялі да рэалізацыі праекту „Свет ад світання да заходу”?

Цягам некалькіх гадоў, праводзячы з Мацеем Дрыгасам заняткі ў кінашколе ў Лодзі, мы шукалі такой формулы з аднаго боку выгоднай – то бок малыя назіральныя формы – з другой такой, якая б дазваляла вызваліць большую актыўнасць. І мы зразумелі, што дасягнуць гэтых мэтаў можна праз удзел у чымсьці большым чым у такой у форме як эцюд. Захоўваючы індывідуальнасць „эцюдаву”, у якой кожны студэнт выбіраў гадзіну з жыцця горада і рабіў пра тое некалькі хвілінны фільм, мы лучылі гэтыя эцюды такім чынам, каб іх чарговасць стварала апісанне аднаго дня. І такіх „Лодзі ад світання да заходу” мы зрабілі, здаецца, пяць. У час, калі Польшча пачала старшыяняваць у Еўразвязе, з'явіліся магчымасці для папулярызацыі польскай культуры замяжой. У межах гэтай праграмы нам удалося атрымаць фінансаванне, каб пашырыць гэтую формулу па-за Лоддзю. Мы запрасілі польскіх дакументалістаў з найвышэйшай паліцы – Марцэла і Паўла Лозінскіх, Яцка Блавута, Яцка Петрыцкага і іншых. І разам з імі правялі заняткі у пяці гарадах на свеце: Менску, Кіеве, Токіо і Пекіне.

Адкуль выбар менавіта гэтых гарадоў?

Гта быў выбар польскага Старшыянявання, але нам ён вельмі пасаваў. Такі погляд на Ўсход – той бліжэйшы, і той далёкі – ствараў вельмі цікавую канцэпцыю. Бліжэйшы для нас Усход усе мы добра ведалі. Гэта свет, у якім часткова жылі і мы ў Польскай народнай рэспубліцы і да сёння з ім уваходзім у канфрантацыю. Пры гэтым канфрантацыя з Далёкім Усходам ёсць для нас культурнай розніцай. Гэта свет з іншымі прынцыпамі, якія трэба ведаць, каб функцыянаваць. Пазнанне гэтай экзотыкі цікавае само па сабе, а канфрантацыя з нашым светам стварае незвычайны погляд на нас саміх. Паўстала такая формула гэтых фільмаў, якая паказвае вельмі простае жыццё людзей. Такое апісанне свету, якое датычыць чалавечай штодзённасці, кажа нам пра тое як людзі кахаюць, як пакутуюць, ненавідзяць, пачуваюцца адзінокімі, як адносяцца да ўладаў і г.д. На першы погляд такія адрозныя паводзіны ў чалавечым вымярэнні аказаліся вельмі падобнымі. Аказалася, што ў Менску ёсць так сама адзінока як і ў Токіо. Што ў Пекіне ёсць такая самая цэнзура як у Менску. Гэты праект праз сваю глабальнасць стварае таксама апавяданне пра чалавечыя якасці незалежна ад геаграфічнай шырыні.

Як вам удалося знайсці ў Беларусі ахвотных прыняць удзел у гэтым праекце?

Калі пачаў кантактаваць з коласаўскім ліцэям, то рабіў для іх заняткі звязаныя з кінамастацтвам. І яны страшэнна ўцягнуліся ў гэта. Да такога ўзроню, што калі АМАП скраў у нас абсталяванне, то яны ліцэісты, самі працягвалі здымаць выбары. Хлопец Макс, якога я вучыў, павесіў на шыю самаробную таблічку „Прэса” прайшоў усе міліцыйныя кардоны і здымаў тое, што там адбывалася. І гэтыя матэрыялы часткова ўвайшлі ў фільм. І такіх маладых людзей, якія маюць амбіцыі ў сферы кіно, распавядаць пра гэты свет – мноства. Напрыклад, Белсат мае сетку карэспандэнтаў, якія дасылаюць рэпарцёрскія паведамленні, чамусьці навучаюцца, а пасля сваёй мовай гэта распавядаюць. І такую школу цяжка пераацаніць. На гэтым паўстае цэлае кінамастацкае асяроддзе і яно, несумненна, вельмі цікавае. Калі мы выйшлі з такой прапановай, што прывозім выбітных польскіх дакументалістаў і абсталяванне для рэалізацыі, то водгук быў вельмі вялікі. На першую сустрэчу прыйшло 60 чалавек. У ніводным горадзе мы не мелі такой яўкі. Гэта не быў палітычны праект. Мы свядома ішлі на нейтральны варыянт. Нашую прапанову мы кіравалі не толькі для падполля, але стараліся дайсці да ўсіх асяроддзяў. Цягам пяці месяцаў я кантактаваў з уладамі Акадэміі Мастацтваў у Менску, якая мае медыйны аддзел, каб яны былі нашым партнёрам у праекце. У выніку прарэктар нам адказаў, што яны не зацікаўлены, але пры гэтым прафесары з гэтай Акадэміі – цікавыя кінатворцы – паслалі да нас сваіх студэнтаў. І яны рабілі вельмі цікавыя эцюды.

Ці ў гэтых маладых кінатворцаў ёсць патэнцыял для стварэння ўласнага кіно?

Тэхнічныя сродкі усё больш дэмакратызуюцца і становяцца ўсё больш даступнымі. Сёння кінатворца не мусіць шукаць падтрымкі ў буйных студыяў, а амаль як пісьменнік, можа толькі пісаць сабе асаткай. Мне падаецца, што ў гэтай перспектыве незалежнае беларускае кіно, якое распавядае не толькі пра тое, што Лукашэнка кепскі, але і пра тое як жывуць маладыя людзі, што выключаныя з-пад кантролю дзяржавы, грошай і ўпісваецца ў больш шырокую з'яву офавага кіно і з'яўляецца цікавым матэрыялам для аналізу.






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.