МАКСІМ ЖБАНКОЎ: «Вышэй за неба»: пошукі беларускага «мыла»

МАКСІМ ЖБАНКОЎ: «Вышэй за неба»: пошукі беларускага «мыла»

Партызанскае кіно cыходзіць у глямур

Беларуская кінаіндустрыя як Бэтмэн: яна, здаецца, ёсьць - але яе ніхто звычайна ня бачыць. Тут на выгодных умовах працуюць усходнія суседзі - маскоўскія сэрыяльшчыкі. Тут нечакана зьяўляюцца непрыкметныя тэлестужкі (пра якія большасьць глядачоў ніколі не даведаецца). Тут адбываюцца конкурсы сцэнарыяў (бязь відавочных наступстваў). Паціху зьязжаюць за мяжу лепшыя акторы і рэжысэры. Нагодаў шмат: сьціплае фінансаваньне, адміністратыўны ціск, няздольнасьць зацікавіць гледача, адсутнасьць прамоцыі айчыннага прадукту. Новы праект «Вышэй за неба» паспрабаваў вырашыць усе праблемы самастойна. Вынікі атрымаліся даволі гучнымі - і спрэчнымі.

Гамбургер беларускі

Няма нармальнай эўрапейскай краіны без нацыянальнай поп-культуры. Лёгкае чытво, жоўтая прэса, лякальны попс, мясцовыя тэлеказкі ды народнае кіно адбудоўваюць падставовыя схемы нацыянальнай ідэнтычнасьці ня горш (і нават лепш) за прафэсійных ідэёлягаў ды іміджмэйкераў. Гэта працуе паўсюль – акрамя Беларусі. Краіна нязьменнага прэзыдэнта стабільна існуе ў сытуацыі памежжа, пад моцным культурным уплывам адначасова з Усходу ды Захаду. Галівудзкія блёкбастары, расейскія сэрыялы, бэстсэлеры ад маскоўскіх аўтараў ды гастролі рок-пэнсіянераў, памножаныя на няздольнасьць улады адбудаваць уцямную культурную палітыку і спыніць сваю барацьбу з «нацяналістычным» андэрграундам, робяць Беларусь краінай страчанай ідэнтычнасьці. Сытуацыя выглядае абсалютна парадаксальна. Дзяржава-манапаліст кантралюе каналы камунікацыі, але ня мае, што сказаць. А незалежныя творцы маюць канцэпты – але пазбаўленыя магчымасьці іх публічна агучыць. Нацыянальны крэатыў існуе ў фармаце культурнага гета.

Што застаецца? Паводле выразу мастака Ігара Цішына, «лёгкі партызанскі рух» - несыстэмныя прыватныя ініцыятывы. Сапраўдная беларуская поп-культура паўстае ў невялічкіх клюбах ды прыватных выдавецтвах. Яна жыве ў музычным самвыдаце ды ў сеткавых часопісах. Што да несыстэмнага мастацкага кіно – тут маем няшмат: фармальныя студэнцкія экспэрымэнты ды саркастычныя агітстужкі да чарговых выбараў. Лёгкага народнага кіно пра сапраўднае жыцьцё «тут і цяпер» дагэтуль няма. Непапулярны гэта фармат для амбітных кіношнікаў, сапсаваных Таркоўскім ды Сакуравым. Таму навіна пра тое, што каманда сцэнарыста і прадусара Андрэя Курэйчыка (без падтрымкі дзяржавы!) здымае «першы беларускі маладзёвы сэрыял» выклікала хвалю пазытаўных водгукаў. Курэйчык абяцаў кіно шчырае і бескампраміснае. Тым больш было цікава паглядзець ўзімку працоўны варыянт стужкі падчас «прэм’ернага паказу» … на кватэры аўтара.

Мова, СНІД і ракенрол

Каб атрымалася смачна, трэба правільна спалучыць адпаведныя рэсурсы. Сцэнарыст Курэйчык, з ягоным досьведам працы ў расейскай кінаіндустрыі і сэрыяльнай вытворчасьці, слушна выкарыстаў падставовыя шаблёны тэлевізійнай сагі: аднамерныя героі (малайчына і злодзей), востры канфлікт, праблемнае каханьне, дзьве дзяўчыны каля героя (адна бляндынка, другая, натуральна, брунетка), трохі крыміналу, трохі наркатычнай «чарнухі» і абавязковы хэпі-энд са сьлязьмі на вачох. Але ж, памятаеце, мы робім моладзёвы сэрыял? Таму варта дадаць «маладзёвых» прысмакаў: будуць сэкс (стрыманы), драгс (буйным плянам) ды ракенрол (сьвядомы).

У прынцыпе, на ўзроўні агульнай сьхемы - прыймальны прадукт аднаразовага спажываньня. Што замінае зь ім ціха пагадзіцца і жыць далей? Зашмат рэклямы. Зашмат патасу. І несуразьмернасьць аўтарскіх амбіцыяў вынікам. Шэраг вострых унутраных супярэчнасьцяў ператварае «Вышэй за неба» ва ўзорную для наяўнага стану белкіно калекцыю хваробаў.

Найперш, кідаецца ў вочы прынцыповая несумяшчальнасьць зьместу і стылю: плоская сэрыяльная гісторыя зь ня менш плоскімі дзеючымі асобамі супярэчыць ўзорна кіношнаму візуальнаму шэрагу. Прадказальную тэледраматургію папросту забівае вытанчаная (часам нават празьмерна) апэратарская праца. У «настоящем московском» стылі яна глямурна аздабляе разгортваньне таннага сюжэту – і бязьлітасна выяўляе ягоную штучнасьць. Гэткую стужку лепш проста глядзець – і кінуць пытаньні «пра што кіно».

ГІсторыя складаецца з мала сумяшчальных блёкаў: галоўны герой – малады рок-музыка, акрамя няпростага каханьня ды змаганьня з «папсовым» калегай-кар’ерыстам, яшчэ й… хворы на СНІД. Тэма як тэма. Але яна ніяк не працуе на карысьць агульнага разгортваньня сюжэту. Агульная нязграбнасьць гісторыі тлумачыцца проста: стужку пра СНІД жадалі фундатары праекту – Праграма разьвіцьця ААН ў Беларусі (ПРААН). А сцэнарысту больш пасаваў фармат папсовай мелядрамы. Два вектары так і не склаліся ў адзін.

Нарэшце, немагчыма рабіць беларускае кіно без разуменьня Беларусі – асабліва ў яе сёньняшнім стане. Лякальная аўра стужкі будуецца павярхоўна, праз калекцыю простых сыгналаў: менскія краявіды, мясцовыя селебрыці ў эпізодах, пьяныя скокі пад «Ляпісаў», партрэт Лукашэнкі ў міліцыі, раптоўныя беларускія сьпевы расейскамоўных музыкаў… Як на мяне – няшмат. Бо па-за кадрам «першага беларускага» застаецца… Беларусь. Краіна праблемнай ідэнтычнасьці і мазаічнай гістарычнай памяці, штодзённага АМАПу на галоўным праспэкце сталіцы, мовы як маральнага выбару і канфармізму як побытавай звычкі, краіна падзеленай культуры, інтэлектуалаў ў падпольлі ды шэрагу страчаных за апошнія 18 год генерацыяў… Праблемная, драматычная беларускасьць і адпаведны ёй спэцыфічны стан ментальнасьці, як ня цісьні, не ўкладаюцца ў прасьцюткі моладзёвы комікс. Стандартнае «мыла» ў абгортцы з мясцовых гаджэтаў і нацыянальнае кіно (хай сабе й «народнае»)– зусім ня тое самае.

Кепска – гэта добра

Пры ўсіх гучных абяцаньнях, праект, хутчэй за ўсё, застаўся б чарговай працай на замову – калі б не раскручаны ў мэдыя канфлікт замоўцаў і аўтарскай суполкі. Несумяшчальным апынулася бачаньне мэтаў і сэнсу канчатковага прадукту.

Замоўцы з ПРААН чакалі прапагандыстска-асьветніцкую стужку, прыймальную для дзяржаўных каналаў. А творчы бэнд рабіў на ўласны густ чарговы экранны прарыў - наўздагон эпахальнай партызанскай стужцы «Акупацыя. Містэрыі» (рэж. Андрэй Кудзіненка, 2003). У свой час Кудзіненка адчайна ратаваў свой праект, канспіратыўна выносячы скрыні з «няправільным» матэрыялам з кінастудыі. Вось і пазбаўленыя паўнамоцтваў (пры дагэтуль няясных абставінах) Курэйчык з камандай вырашылі змантажаваць матэрыял самастойна. Бязь кантролю з боку ПРААН. Бязь запланаванага націску на СНІД-праблематыку. І ўвогуле не васьмісэрыйны сэрыял. І зусім не для беларускага тэлебачаньня. А аўтарскі мастацкі фільм. Для міжнародных фэстываляў. Дарэчы, надзвычай апэратыўна выкладзены «невядомымі» ў сеціва. Вы гэтага не разумееце? Тады вы супраць свабоды творчасьці!

Яшчэ падчас папярэдніх сустрэч-праглядаў, Андрэй Курэйчык распавядаў журналістам пра творчыя правы, нежаданьне падлажвацца пад густы замоўцаў, непрыйманьне цэнзуры ды абарону айчынных артыстаў - ахвяраў замежнай карпарацыі. Далей пайшла адпаведная інфармацыйная хваля: эмацыйныя звароты «зволеных» удзельнікаў творчай групы, спробы збору подпісаў жадаючых паглядзець «новае беларускае», драматычныя заявы ў незалежных мэдыя, «падпольныя» прагляды падчас разнастайных публічных акцыяў, слабыя спробы контргульні з боку ПРААН… У Беларусі юрыдычныя нормы ў творчых спрэчках працуюць слаба. Што застаецца? Мэдыя-войны. Хто прыцягнуў да сябе ўвагу, той і перамог.

Шматкроць агучаны публічны канфлікт спрацаваў на карысьць ягоным рэжысэрам. І, як нам падаецца, дазволіў вырашыць адразу некалькі пытаньняў.

Першае: фінансаваньне. Замоўца не атрымаў пажаданага, але ж грошы яму ўжо не вернуцца. Сцэнарыст настойвае: усё па-чэснаму. Маўляў, ПРААН маюць на рукох тыя самыя працоўныя матэрыялы, што і Курэйчык. Проста той першым склаў зь іх кіно, а другі бок так пакуль і не дарабіў свой сэрыял.

Другое: інфармацыйная падтрымка. Канфлікт вакол «першага беларускага сэрыялу» дазволіў Курэйчыку з камандай на некалькі месяцаў трапіць у топ-сьпіс герояў «жоўтай прэсы».

Трэцяе: пасьпяхова разыграна «тутэйшая» карта: «Першы беларускі! Першы толькі з беларускімі акторамі! Першы з актуальнай беларускай музыкай! Першы пра Мінск!». Плюс важны ў беларускім кантэксьце імідж змагара-нонканфарміста: «На яго ціснулі-ціснулі, а ён не зламаўся – каб распавесьці праўду пра нас!».

Нарэшце, чацьвертае. Пасярод інфармацыйнага вэрхалу галоўнае пытаньне - пра якасьць прадукту - робіцца другасным. І нават няёмкім. Каго цікавіць, што ў чарговы раз атрымалася штучнае кіно пра ўмоўную краіну? Умоўныя «плюсікі» да сваёй рэпутацыі ягоныя творцы ужо пасьпелі дадаць.

Пустэча, патас, партызанства… Нармальны беларускі культпрацэс.

Максім Жбанкоў






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.