МАКСІМ ЖБАНКОЎ, АНДРЭЙ РАСІНСКІ: Беларускае кіно як паўза і выклік

МАКСІМ ЖБАНКОЎ, АНДРЭЙ РАСІНСКІ: Беларускае кіно як паўза і выклік

Максім: Калі заходзіць гутарка пра беларускае кіно, паўстае пытанне: «А ці ёсць пра што казаць?» За мяжой здзіўляюцца: «Няўжо у вас ёсць кіно?» Не ведаеш, што адказаць. Яно быццам ёсць - і яго няма. Дык ці ёсць беларускае кіно? Ці будзе? І на якіх умовах?

Андрэй: Беларускае кіно сёння (як і краіна) у падвешаным стане. У стане «паміж». Тым не менш, яму ёсць на што абаперціся ў мінулым - хаця гэта былі для нацыянальнага кіно дваістыя часы. Беларускае кіно ўспадкавала сваю незавершанасць. Былі і ёсьць праблемы з вытворчаю базай, з кадрамі, ды й з тымі ідэямі, што ўвасабляліся ў кіно. Але маем таксама і спробы вырашэння. Што адбыліся, як раней, так і ў апошнія 20 гадоў.

М.: Вось і я кажу: 20 гадоў усё спрабуем, а ў найвышэйшую лігу аніяк не трапім. Паўстае пытанне: «А ці магчыма гэта ўвогуле? І ці варта нам туды імкнуцца?» Трэба зразумець: па-за-савецкага беларускага мастацкага кіно ніколі не было. І фактычна дагэтуль няма. Беларускае кіно ад пачатку будавалася як ідэалагічны, нібыта нацыянальны, праект - як сродак праўладнага праграмавання свядомасці. Савецкі Саюз ляснуўся, а у нас гэты праект захаваўся нязьменным. Кіно засталося ў вачох палітычных эліт дзяржаўнай справай, сродкам утрымання ўлады дый фармаваньня поглядаў электарату. Такая інэрцыя - галоўная праблема беларускага кіно. Сістэма не перафарматавалася. Яна засталася той самай - і кажа тое самае. У тым ліку - і з кінаэкранаў.

А.: Пануючы кірунак - рэанімацыя сталінізму, як у ідэалогіі, так і ў кінапрактыцы. Але гэта неасталінізм з абсалютна трэшавым тварам. Найгоршыя карціны ў гісторыі белкіно. «Вам заданне», «Глыбокая плынь», «Чаклун і Румба», «Дняпроўскі рубеж» - ад іх плююцца нават замоўцы. Там знікаюць парэшткі чалавечай прысутнасці і рэжысэрскай прафесійнасці. Каму там спачуваць? Спарахнелым ідэалагічным канструкцыям, якім не вераць самі стваральнікі? Быў абвалены пракат беларускіх стужак: за савецкім часам меліся дзясяткі мільёнаў гледачоў. Цяпер гэтага пракату па колішняе імперыі няма. Знікальны пракат маем і ў самой Беларусі. Вытворчасць фільмаў да апошняга году - проста бюракратычнае спісанне грошай, вылучаных на засваенне дзяржаўнай кінастудыяй (сёння й грошы скончыліся). Аднак не ўсё так проста. Нават у самыя ўзорныя савецкія часы былі намёкі на цалкам несавецкі крэатыў. «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава праклялі й забаранілі. «Дзікае паляванне караля Стаха» Рубінчыка (паводле кнігі Уладзімера Караткевіча) паказвалі ледзьве не ўпотайкі. Беларускае дзіцячае кіно («Прыгоды Бураціна», «Горад майстроў») хіба ж гэта прасавецкія стужкі? Нават карціны на савецка-ваенныя тэмы - як «Праз могілкі» Віктара Турава - інтанацыяй выводзілі па-за гэтыя межы. Падобнае маем і сеньня. Гэта, з аднаго боку - казкі ва ўмоўным каралеўстве, як «Рыжык» Алены Туравай (дачкі Віктара Турава). З другога боку - фільмы, дзе месца дзеяння - Беларусь: «Акупацыя» і «Масакра» Андрэя Кудзіненкі. Альбо «Мы жывем на краі», дакументальная стужка Віктара Аслюка.

М.: Я не казаў бы пра «Масакру», як пра кіно супраціву. Гэта спроба скарыстаць сістэму ва ўласных мэтах. Калі Кудзіненка рабіў прарыўную нон-канфармісцкую «Акупацыю», ён апынуўся паміж двух агнёў. Яго крытыкавалі з дзяржаўнага боку, што ён не тое й не так паказаў. Але што «не тое й не так паказаў» казала й незалежная аўдыторыя. Акрамя крызісу дзяржаўнага кіно, ёсць крызіс і незалежніцкай кінавытворчасьці. Перадусім я кажу пра праект «Навінкі». Пачынаўся ён, як спроба давесці да абсурду разнастайныя беларускія клішэ. Але хутка сам пераўтварыўся ў сьмецьцевы трэш.

А.: Дык яны свядома здымалі трэш! «Случай з пацаном», «Гудбай, бацька!»…

М.: Трэш як сродак пераўтварыўся ў трэш, як якасць. Замест кроку наперад - твіст у беларускае багне. Такім чынам, вычарпаныя і праўладныя, і партызанскія кінамовы. Маем канун чагосьці, пра што мы яшчэ не ведаем.

А.: Тут, дарэчы, выявілася здольнасць айчыннага кінаарту да крэатыўнай экспансіі. «Случай з пацаном» рабіў запрошаны маскоўскі анархіст Сяргей Лобан. Пасля гэткага дэбюту ён замацаваўся у расейскім кінамэйнстрыме. Фактычна адбыўся экспарт беларускага экраннага анархізму ў Расею. Камунікацыя з замежжам працавала ў абодва бакі. Напрыклад, «Навінкі» запачаткоўвалі беларускія кінакоміксы.

М.: Гэта было шмат гадоў таму. І дзе працяг? Не бачна… Прыемна казаць пра экспансію беларускага стылю, але больш слушна казаць пра творчую эміграцыю, аўтарскія ўцёкі. Беларускае сеньня ствараецца дзе заўгодна, толькі не ў самой Беларусі. Можна ўзгадаць, напрыклад, «У тумане» Лазніцы. Гэта пра нас. Але не ў нас.

А.: Фільм пра Франака Вячорку «Жыве Беларусь» у Польшчы зроблены…

М.: Яшчэ пад пытаннем, што тамака атрымалася. Але ўсё адно: галоўныя кінападзеі - па-за межамі краіны. Галоўныя аўтары, як Аслюк, што сёння здымае стужкі для «Белсату», прамаўляюць праз мяжу. Кудзіненка шмат часу згубіў на расейскіх серыялах. Моцныя рэжысэры Колбышаў ды Канановіч шукаюць шчасьця ў іншых краінах. Пустэча «стартавай пляцоўкі»… Альбо мёртвая зона? Нехта з’яўляецца і адразу з’язджае. Хоць бы ў Варшаўскую кінашколу.

А.: Добрае месца назапашвання досведу. І для Арцёма Лобача, і для Сяргея Каласоўскага, якія там навучаюцца.

М.: Дзякуй эўрапейскім суседзям, але я б гэтым не надта натхняўся. Нашыя лепшыя аўтары - рэжысёры, сцэнарысты, акцёры - шчыруюць за межой. Каб была рэальная беларуская экспансія, мусіць існаваць яе цэнтр. Нацыянальная фабрыка мрояў. А калі ўсе ўцякаюць - гэта ўжо завецца капітуляцыяй.

А.: Па-першае, яны будуць пляцоўкі беларускага за мяжой. Як экранныя «агенты ўплыву». Па-другое, кіно - з’ява інтэрнацыянальная. У нас жыхароў замала, не хопіць глядачоў каб адбіць грошыкі для блакбастэрнага кіно.

М.: Прабач, але ж як мне надакучыў лямант пра «нязручнае» лакальнае кіно і малую аўдыторыю! Тая ж Польшча - відавочна не Амерыка і не Кітай. А колькі там робіцца стужак для свайго рынку й свайго гледача! А колькі кінашколак!

А.: У Беларусі ёсць голад па сваім кіно. Наvaт няўдалую «Анастасію Слуцкую» людзі глядзелі. Хацелі сваёй гісторыі, нат пакамечанай і прылізанай.

М.: Ясна, што кінаўдыторыя ёсць. А як з кіно? «Беларусьфільм» у коме, амаль несумяшчальнай з жыццём. Тэхнічны ўзровень страшэнна адсталы. Дзяржава як гіперпрадусар - другая хіба. Далей, страшэнныя праблемы з кінаадукацяй. Нарэшце, разваленая сістэма пракату: тут нас варта з Балі ці Цэлонам параўноўваць. Па ўсім пунктам правалы. І адначасова ў апошнія гады бачым выбух спантанных ініцыятываў маладой генерацыі, знізу. Рух зьнізу. Самадзейная творчасць, інтуітыўнае паралельнае кіно. Сёньня больш цікава (і прадуктыўна) не ратаваць кінаіндустрыю, а даць шанец самавукам.

А.: І як толькі адбываюцца паляпшэнні хоць на нейкім кірунку, адразу з’яўляюцца сур’ёзныя зрухі. Возьмем школу й кінаадукацыю. Як толькі з’явіліся навучаныя людзі - адразу праявіліся й кінатворы шасцідзясятнікаў Турава, Вінаградава, Дашука. Потым прыйшла чарга іхніх вучняў - Кудзіненкі, Аслюка, Галіны Адамовіч, адразу пасля першых кінанабораў у Акадэміі мастацтваў…

М.: А ці ёсць у нас новая кінашкола?

А.: Акрамя набору ў Акадэміі мастацтваў - яшчэ дзве прыватныя. Я ў адной, дарэчы, выкладаў. У студэнтаў каласальная прага стварэння кіно! І не проста кіно - кіно для гледача, жанравага. На маіх занятках прыдумалі, напрыклад, вобразы й дэкарацыі беларускага постапакаліптычнага гарадзкога вэстэрну (дзеянне адбываецца ў напаўразбураным сталінскім Менску).

М.: Але асноўнае выкладанне - паводле старасвеччыны. Пры ўсёй павазе да Кудзіненкі, я бачу ў ягоных стужках інэрцыю «Беларусьфільму». Патрэбныя новыя паспяховыя выкладчыкі. Бо калі мы гадуем новую генерацыю беларускага кіно, то гэтае кіно мусіць быць не толькі посттаталітарным, але й постпартызанскім.

А.: Яшчэ наконт кінавытворчасці. Год таму прынятая пастанова пра прыватнае фінансаванне кіно: калі ёсць хаця бы 30% прыватнага фінансавання - «зялёнае святло» такой карціне й 70% астатніх грошай. І адразу з’явіліся стужкі: сумесная эстонска-беларуска-латвійская «Самотная выспа» была на фэсце ў Маскве, «У тумане» Лазніцы - у Канах.

М.: Але колькі там адсоткаў беларускага? Адных законаў мала, трэба каб яны працавалі. Пакуль прасцей казаць, чаго няма. У нас няма арт-гаўзнага кіно. Няма эфектыўнага Музэю Кіно - наш Музэй вельмі абмежаваны ў магчымасцях. Няма годнай сістэмы кінафэстаў, якія прадстаўлялі бы публіцы новыя стылі й новых асобаў. У нас няма паважанай дзяржаўнай кінапрэміі (раз на два гады выдаюць «Крышталёвых буслоў», але гэта не тое). Постэры ў кінатэатрах рэклямуюць толькі тое, што гарантавана вярне грошы: галівудзкія блакбастэры альбо расейскую лухту. На што тут можна разлічваць? Ці ёсць крыніцы іншага?

А.: Ёсць. Тая ж «Масакра» Кудзиненкі збірала ў пракаце поўныя залі. Па-свойму ўнікальна выглядае выпадак са стужкай Курэйчыка «Вышэй за неба». Гэта мусіў быць зроблены па замове Прадстаўніцтва ААН 8-серыйны сацыяльны ролік пра інфікаванага на ВІЧ-юнака. Але здымачная група была цалкам адхілена ад мантажу. У адказ творцы зрабілі сваю поўнаметражную версію. Яна трапіла ў сеціва і за пару дзён ужо набрала 70 тысячаў праглядаў і ўхвальных водгукаў.

М.: Няўжо пракат ужо не кіруе парадам?

А.: Так. Маем першыя пазнакі іншай сістэмы пракату й распаўсюду. Далей, пра фэсты. Напрыклад, каталіцкі фэст «Магніфікат» хрысціянскага кіно. Спачатку на яго бралі ўсе фільмы. Потым узровень вырас; цяпер мноства карцінаў з розных краінаў (у тым ліку й Беларусі) і вельмі годныя.

М.: Але фэсты мусяць мець працяг у практыках кінатворчасьці і выхаваньня новага глядача. На вялікіх фэстах ёсць кінарынак для далейшага пракату, гэта эфектыўна працуе. На беларускім «Лістападзе» - анічога такога. Стужкі-пераможцы мусяць выдавацца накладамі на дысках. Каб штосьці беларускае было якасна раскручана - не бачыў. Сіроцкі стэндзік у салоне мабільнай сувязі (!), дзе сумуюць «Ваўкі» Колбышава, «Інсайт» Грыцковай і «Дастыш фантастыш» Канановіча не ратуе. Бо ніхто не ведае, што гэта за кіно - і не набывае. Літаральна забівае адсутнасць прамоцыі.

А.: Тут папрок і нам, крытыкам. Але пытаньне ў іншым: маўчаць вядучыя інфа-каналы. Тэлевізія маўчыць. Можна ганарыцца беларускім дакументальным кіно й анімацыяй: стужкі Віктара Аслюка ідуць ад Берліну да Новай Каледоніі. Анімацыйнымі стужкамі Ірыны Кадзюковай захапляюцца ў Расеі. Але на беларускай тэлевізіі няма анічога. З’явіўся, праўда, «Белсат», але далёка не ўсе зьвяртаюцца туды па беларускае кіно.

М.: Што атрымліваецца? Праблемная адукацыя, праблемны пракат, праблемны PR… Адзінае - беспраблемны глядач, які чакае чагосьці свайго. Можа лепей не марнаваць часу на мары пра «Оскары»? Пакуль жыве наяўная сістэма кіраваньня краінай - кінаіндустрыі ў нас не будзе.

А.: Будзе не кінаіндустрыя, а кінаіндустрыі. І ўжо з’яўляюцца ягоныя парасткі - той жа фэст «Бульба-муві» ў Варшаве. Нейкі рух пайшоў. Галоўны акцёр «Вышэй за неба»Лёня Пашкоўскі слушна сказаў: «Тут можна навараціць столькі, што Ўорхал уваскрэсне! Мы можам стварыць такую культуру, якую захочам!» Беларускае кіно расце, як трава праз асфальт.

М.: Яно расце на ўскраінах мёртвага беларускага мэйнстрыму….

А.: А новыя кірункі заўжды пачынаюцца з перыферыі! Тады і ў Беларусі ёсць шанец стварыць свой мэйнстрым.

М.: Тады, атрымліваецца, Варшава, Масква, і Кіеў ёсьць перыферыяй беларускага экраннага працэсу?

А.: На дадзены момант ўсё яны - цэнтры для новага нашага. І гэта натхняе.






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.