У чаканні на “пацана”

У чаканні на “пацана”

Размова з Янушам Гаўрылюком, заснавальнікам і арганізатарам Варшаўскага фестываля беларускага незалежнага кіно „Bulbamovie”.

- Тым хто ўпершыню сутыкаецца з назвай фестываля „Bulbamovie” - як коратка патлумаыць яе сутнасць?

- „Bulbamovie” - гэта шырокая ідэя папулярызацыі кіна made in Belarus, наладжванне польска-беларускіх кантактаў у галіне стварэння фільмаў, прамаванне беларускіх маладых кінатворцаў у межах Варшаўскага фестывалю беларускага кіно пад назвай „Bulbamovie”, якая, на маю думку, гэтым адным словам выяўляе ўсё што сказаў вышэй.

- Bulbamovie?

- Гэтае беларуска-ангельскае словаўтварэнне можна інтэпрэтаваць розным чынам. Для тых, хто не ведае скажу, што бульба азначае па-беларуску „ziemniak” у польскай мове і „картошка” у расейскай. Бульбашамі называюць беларусаў суседнія народы (Расея, Украіна). Movie - вядома, а вымаўленне гэтага слова дадае чарговае значэнне. Да таго ж акрэсленне „бульбаш” можа мець негатыўную асацыяцыю для часткі беларускага грамадства. Але апеляцыя да такога стэрэатыпу ў назве нашага фэсту ёсць свядомай правакацыяй, скіраванай у бок пэўнай закамплексаванай часткі беларускай інтэлігенцыі, якая пазбаўленая пачуцця гумару ды пазітыўнай самакрытыкі.

Карацей кажучы, выкарыстоўваючы канрэтны стэрэатып мы хацелі б уласна яго пазбыцца. І так, па вялікаму рахунку, назва Bulbamovie становіцца брэндам, які акрэслівае пэўную з'яву ў сферы беларускага кіно.

А калі б з'явіліся закіды ў мой бок, што нейкі паляк насмяхаеца такім чынам з беларусаў, то патлумачу, што сам я этнічны беларус-бульбаш, які нарадзіўся ў Польшчы. Але якое мае значэнне маё месца нараджэнне? Гэта ж Сталін з лінейкай у руках маляваў межы паміж дзяржавамі. Калі б прыклаў яе на некалькі сантыметраў у лева, то я размаўляў бы сёння па-расейску, але і так ген Бульбаша ў мяне застаўся б.

Назва фэсту мне вельмі падабаецца не толькі таму, што гэта я яе прыдумаў, але таксама і з пукнту гледжання маркетынгу і рэкламы яна боская! Коратка і на тэму. Лукаш Мацееўскі, польскі тэатральны і кінакрытык, які быў госцем леташняга фэсту, быў у захапленні ад гэтай назвы...

- Уласна, год таму адбыўся прэм'ерны фестываль...

- Мне падаецца, урэшце, хтосьці павінен быў сабраць усё да кучы, раскласці на тэматычныя блокі і прэзэнтаваць усё гэта як паўнавартасны кінапрадукт з Беларусі. Раней адбываліся адзінкавыя паказы канкрэтных фільмаў у межах больш шырокіх культурніцкіх імпрэзаў прысвечаных Беларусі. Пераважна гэта былі дакументальныя фільмы ці палітычныя рэпартажы, якія ілюстравалі змаганне апазіцыі з апошнім дыктатарам Еўропы. Але, як правіла, такія творы мелі не шмат супольнага з сапраўдным кіно. Некалькі год таму беларуская амбасада ў Варшаве зрабіла паказ найдаражэйшага айчынага фільму „Анастасія Слуцкая”. Улады яго называлі „супервытворчасцю”. А насамрэч гэты касцюміраваны фільм, падчас батальных сцэн якога ў кадры бегалі максімум некалькі дзесяткаў рыцараў-статыстаў, а праца камеры была больш менш на ўзроўні каменнага стагоддзя, прэзэнтаваўся ніжэй ўсялякай крытыкі. Нават традыцыйныя сцэны жаночага купання ў беларускіх крынічны водах (характэрных для шматлікіх твораў „Беларусьфільма”), а ў канкрэтна гэтым фільме, дзе вядзецца пра цыцкі Светы Зелянкоўскай (грала галоўную ролю) не былі ў стане затміць фатальнага сцэнару. Няўзброеным вокам было відаць ашукальніцтва.

Найдаўжэй „працягнуў” у Польшчы фільм Андрэя Кудзіненкі „Акупацыя. Містэрыі.” Распачаў паказ Цэнтр сучаснай культуры ўва Ўяздоўскім замку. Пазней прагляды адбыліся ў іншых польскіх гарадах. У выніку сам аўтар страціў кантроль над гэтым (хоць акурат тады знаходзіўся на стыпендыі ў Варшаве) і выпадкова даведваўся пра чарговыя партызанскія паказы ягонага фільму пра партызанаў.

А таму раней былі адзінкавыя аперацыі асобных партызанскіх „кінабатальёнаў” (апазіцыйных дзеячаў, прадстаўнікоў уладаў ды саміх аўтараў). Мы вырашылі стварыць новы, самастойны партызанскі лагер, які аб'ядноваў бы іншыя адзінкі. У гэтым нас падтрымала Міністэрства замежных спраў Польшчы у межах праекту „Супольныя польска-беларускія дзеянні”. І мы зрабілі Bulbamovie 2011.

Паказы мы распачалі ад абсалютна новай і зародкавай з'явы ў Беларусі - „офавага кіно”.

Вядома, мы паказалі першы беларускі офавы фільм 10-гадовай даўніны, культавы „Случай с пацаном”, які быў зроблены мастацкай суполкай анархістаў „Навінкі”. Фільм пра прыгоды звычайнага менскага хлопца, які выпадкова трапляе ў свет беларускай апазіцыі і дыктатарскай улады. Аказалася, абодва гэтыя светы ўзаемадапаўняюць адзін аднаго. Пры гэтым дзеянне фільму адбываецца на фоне рэальных тагачасных падзеяў – прэзідэнскіх выбараў.

Пасля гэтага фільму было некалькі год перапынку, пакуль не з'явілася новая „маладая кроў”: Лобач, Каласоўскі, Асмялоўскі... Іх абсалютна нікому невядомыя творы абудзілі на фестывалі вялікую зацікаўленасць. Пасля толькі пачуў меркаванне, што тэматычны блок прысвечаны офавым фільмам быў прэзэнтаваны не ў той час дня. Бо пасля багата людзей шкадавала, што не змаглі іх праглядзець у такую пару, асабліва ўлічваючы ранішнюю знямогу пасля пятнічнага вечара...

Першы Bulbamovie прадставіла багатую дакументальную праграму. Рэтраспектывы вядомай рэжысёркі Галіны Адамовіч (фільмы беларусьфільмаўскай студыі „Летапіс”) і блок найлепшых дакументаў Белсата з такімі аўтарамі як Андрэй Куціла, Віктар Асьлюк, тая ж Галіна Адамовіч. Як бачыце перабягаюць з аднаго партызанскага аддзела ў другі, і ствараюць па абодвух баках барыкады (і гэта ня ёсць фільмы палітычныя ці прапаганда!). Калі казаць пра мастацкае кіно, то нашая стаўка была на Андрэя Кудзіненка - найбольш распазнавальнага беларускага кінатворцы. У рэтраспектыве ягонай творчасці мы паказалі ўжо ўзгаданую „Акупацыю”, быў таксама „Розыгрыш” (прадукт расейскай студыі Паўла Лунгіна) і апошні яго фільм, што ўваходзіць у тройку фільмаў, зробленых Беларусьфільмам у 2009 годзе ў перыяд „адлігі,” – «Масакра» (іншыя 2 фільмы - гэта „Дасціш фантасціш” Канановіча і „Ваўкі” Колбышава).

Калі падсумаваць... Нашая нішавая імпрэза абудзіла велізарную зацікаўленасць з боку польскіх СМІ. Інфармацыя пра Bulbamovie з'явілася ў TVP Kultura, TVP Info, Canal +, Wiadomości TVP, Radio TOKFM... Што цікава, медыі падхапілі нашую ідэю і не спасылаліся ў сваіх матэрыялах на рэпрэсаваную апазіцыю, тырана Лукашэнку ды агулам збяднеласць, а прапанавалі зазірнуць у невядомую дагэтуль сферу беларускага кінематографа. Раздрукоўка дыстрэбьютара з кінатэатра „Луна”, дзе адбываўся фестываль, паказала, што цягам 2-х дзён імпрэзу наведала 1500 кінаманаў! А я баяўся, што ў Луну прыдзе сталая кампанія варшаўскіх беларусаў, якія наведваюць усе імпрэзы „пад знакам Пагоні”! Прыватны маніторынг засведчыў – большасць гледачоў гэта палякі, якія прыйшлі пазнаёміцца з чымсьці зусім новым.

- А таму можна казаць пра поспех. Добра. Але прайшоў год і што далей?

- Толькі пазітыў! (смех). Выглядае на тое, што беларускае кіно паволі пачынае выходзіць з спячкі, пра якую некалькі год таму казаў А. Кудзіненка. Пасля першага Bulbamovie да мяне хтосьці падышоў і запытаўся: „Ну добра, ты паказаў хіба ўсе беларускія фільмы, але што прадэманструеш праз год?” Аказваецца, ёсць што паказаць і ў звязку з апошнімі прадукцыямі, частку фільмаў запланаваных раней, давядзецца адкласці на пазней. На сёлетнім фестывалю ў Канах Сяргей Лозніца атрымаў узнагароду FIPRESCI за фільм „У тумане” на падставе вядомага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Палякі зрабілі поўнаметражны мастацкі фільм пра Беларусь, з беларускімі акторамі і па-беларуску „Viva Bel@rus”. Маладыя творцы, фільмы якіх былы прадстаўлены на мінулагоднім фэсце Bulbamovie, навучаюцца ў Варшаўскай кінашколе і абяцаюць надыход „новай хвалі”, Алег Мініч супрацоўнічае з Hollywood і адначасова працуе над першым беларускім анімаваным кіно ў 3D (абяцаў, што паспее з прэм'ерай на Bulbamovie). Андрэй Кудзіненка шукае цяпер у Еўропе фінансаванне на першае ў гісторыі беларускага кіно дарогі на падставе выдатнай сучаснай прозы Артура Клінава „Шалом”. Усе раптам ўзяліся за працу! Пэўна, стымулятарам гэтаму служыць Bulbamovie! (смех) Ці, прынамсі, конкурс, які мы абвясцілі сёлета! Альбо ўзнагароды! (смех)

- Конкурс? Узнагароды? Калі можна, больш падрабязней пра гэта...

- Калі ласка, толькі я закончу пра тое, што можна паказаць на Bulbamovie. Трэба памятаць, што беларусы маюць сваё нямое кіно (першы такі фільм - „Прастытутка”), а таксама сваіх класікаў (Тураў, Пташук, Вінаградаў). У часы Савецкага саюза «Беларусьфільм» быў магутнай сілай у сферы дзіцячай кінематараграфіі. Цяпер на вельмі высокім узроўні робяцца анімаваныя творы. Варта ўзгадаць, што анімацыя агучваецца па-беларуску. Пра што, шаноўны, вы хацелі запытацца?..

- Пра нейкі таямнічы конкурс.

- Сёлета у межах фестывалю абвяшчаем кінаконкурс для творцаў з Беларусі з галонай узнагародай „Залатая бульба”. Гэта адкрыты конкурс, таму нам залежыць на як мага шырокім распаўсюджванні інфармацыі пра яго. Чакаем на фільмы ад усіх. Мы не дзелім конкурс на катэгорыі. Адмысловая камісія абярэ для фэста найцікавейшыя фільмы. Мы цэнім ідэю, спосаб рэалізацыі і тэму. Пакуль цяжка сказаць нешта болей. Ведаю, што ў Беларусі дзейнічаюць дзесяткі нефармальных групаў, якія ствараюць арт-хаўзавае кіно, ёсць менская прыватная школа, ёсць студэнты дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, пэўна, ёсць і багата адзінокіх партызанаў-рэжысёраў, што вандруюць сваімі сцежкамі.

- І якія твае чаканні ад фільмаў?

- Шчыра кажучы, найбольш баюся эксперыментальнага кіно, якое разумее найчасцей толькі аўтар. Баюся таксама галівудзкіх блокбастараў, ужасаў, якія рэалізуюцца ў лесе пад Менскам. Ці таксама баевікоў, дзея якіх разыгрываецца ў цягніку Барысаў-Смалевічы. Хацелася б, каб аўтары не шукалі далёкіх тэмаў, а разгледзеліся навокал сябе. Што адбываецца ў яго на раёне, у сям'і і закінутай вёсцы, дзе дажывае век бабуля. Варта памятаць, што трэба мець велізарны досвед, каб свядома ашукаць аб'ектыў. Таму ў стварэнні офавых фільмаў найчасцей перамагае натуральнасць. Было б добра, каб маладыя творцы зрабілі сюжэтнае кіно на беларускай мове. Гэта аднак адрознівае іх сярод іншых.

Асабіста чакаю на на тое, што хтосьці зробіць і дашле „Выпадак з пацаном 2”. Падзеі апошніх 2-х гадоў у Беларусі: прэзідэнцкія выбары 2012, гвалт супраць пратэстоўцаў, 800 затрыманых, з іх палова – выпадковых людзей, тэрарэстычны акт у менскім метро, крызіс, дэвальвацы рубля, дэфіцыт, апазіцыйныя спрэчкі, расстрэл абвінавачаных у выбуху. Калі гэты падзеі знойдуць сваё адлюстраванне ў кінаплоскасці, а сам фільм быў бы зрэалізаваны ў межах здымачнай канцэпцыі легендарнай суполкі „Навінкі” - то мог бы стаць сапраўдным гітом беларускага офавага кіно. Ці дачакаюся на гэта? Пабачым. У кожным разе сёлетні конкурс ёсць чарговым этапам у праекце Bulbamovie. Праз конкурс хочам дайсці да таленавітых творцаў і падтрымаць іх развіццё. Хто ведае, можа ў будучыні створым Акадэмію Bulbamovie, якая будзе прафесійна прамаваць і падтрымліваць лаўрэатаў фэсту.

- Чаго вам і жадаем.

размаўляў Aлесь Залеўскі






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.