AНТОН СІДАРЭНКА: Tворцы беларускага дакумэнтальнага кіно

Галіна Адамовіч

Галіна Адамовіч (19.10.1969, г.Менск)

У 1994 годзе скончыла майстэрню дакументальнага кіно Віктара Дашука разам з Виктарам Аслюком и Вольга Дашук і адразу пачала актыўнае супрацоўніцтва са студыяй “Летапіс”. Вучаніца Віктара Дашука. Пачынала з сацыяльных стужак, ў якіх асэнсоўваліся пэўныя праблемы беларускага грамадства. “Турусы на калёсах” (1991) – чэргі на мяжы з Польшчаю, “Палюбі мяне чорненькім” (1993) – лёс дзяцей ад міжрасавых шлюбаў, “Жылі былі...” (2001) – пакінутыя чарнобыльскія вёскі. Самым паспяховым у гэтым кірунку і адным з самых удалых фільмаў Адамовіч сталі “Канікулы для сіраты” – бесстаронні погляд на перамены ў дзіцячым светапоглядзе пасля візіту навучэнцаў аднаго з правінцыйных дзетдамоў з Гомельшчыны да прыёмных сем’яў у Італію.

Дзіцячая тэма не раз паўставала ў работах рэжысёра – безумоўнай вяршыняй яе творчасці стала стужка “Мама прыйдзе” (2007), дзе глядач назірае за першым самастойным днём малога чалавека. Наогул, жыццё чалавека як істоты ва ўсіх яго ўзроставых праявах – ад нараджэння, “Працяг” (2004), да сталага веку, , -- часта з’яўляецца тэмай творчасці Галіны Адамовіч. Яшчэ адна скразная тэма Адамовіч – творца і яго ўзаемаадносіны з соцыумам. Героямі яе твораў становяцца як вядомыя творцы - Арлен і Ігар Кашкурэвічы (“Фауст Арлена”, 1995), Аляксей Дзмітрыеў і Ганна Балаш (“Дар”, 2009), так і самадзейныя феномены нацыянальнага мастацтва – Алена Кіш (“Маляваны рай”, 2010). Асаблівую ўвагу рэжысёр аддае жанру партрэта. Яшчэ адзін творчы і чалавечы партрэт “Інакіня” (2010) – квінтэсенцыя мастацкіх памкненняў і аўтарскага стылю Адамовіч, глыбокае пранікненне ў сутнасць асобы і эвалюцыя творчага чалавека.

Уладальнік шэрагу прызоў прэстыжных міжнародных кінафестываляў.

З Галінай Адамовіч ў апошнія гады актыўна супрацоўнічае легенда беларускага кіно аператар Таццяна Логінава (“Дзікае паляванне караля Стаха”).

Віктар Аслюк

Віктар Аслюк – (1961, Ляскавічы, Гомельская вобл.)

Вучань Віктара Дашука. Аднакурснік і муж Вольгі Дашук. Член Еўрапейскай кінаакадэміі. Уладальнік шэрагу ўзнагарод міжнародных кінафестываляў і ўзнагароды “Лепшы еўрапейскі фільм года” за карціну “Кола” (2004).

Доўгія пошукі месца ў жыцці (заканчэнне педагагічнага інстытута і праца настаўнікам у сярэдняй школе) у выніку прывялі Віктара Аслюка да прыходу ў дакументалістыку. Аўтарскі позірк рэжысёра, удумлівы і метафарычны, з самага пачатку быў скіраваны ў глыбіню чалавечай натуры, на пошук адказаў на галоўныя філасоўскія пытанні. Мінімаліст па характару і стылю, Віктар Аслюк, апавядаючы аб сваіх героях, часта абыходзіцца без лішніх словаў (і словаў наогул), тым не менш, вельмі трапна раскрывае характары і паказвае лёсы. Галоўная тэма дакументаліста – закальцаванае жыццё чалавека і месца апошняга ў сусвеце. Важнае месца рэжысёр адводзіць зыходзячай культуры беларускай вёкі, дзе разгортваюцца падзеі найлепшых карцін Віктара Аслюка “Мы жывем у краі” (2001), “Кола” (2004), “Вальс (2007). Драма творчай асобы, яе ўнікальны сусвет адлюстраваны ім ў шэрагу партрэтаў “неафіцыйных” мастакоў, сярод якіх вылучаюцца “Андрэй” (2010), “Драўляны народ” (2011). Іншая плынь творчасці Аслюка – стпроба фіксацыі стану акаляючага сусвету праз розныя праявы чалавечай культуры – “Возера” (2004), “Шахта” (2003), “Цяпло” (20012).

Віктар Аслюк – мастак прынцыпова нацыянальны, усе яго стужкі прасякнуты духам беларускасці, якую ён адзначае ў кожным прадмеце, з якім яму даводзіцца працаваць. Мантажная стужка “Край тужлівых песень” (???), публіцыстычны аповяд “Невядомая вайна” (1992), кінапаштоўка “Полацк” (2009) распавядаюць аб страчанай гістарычнай памяці, як галоўнай нацыянальнай каштоўнасці. Рэжысёр з’яўляецца ўладальнікам шэрагу прызоў прэстыжных міжнародных кінафестываляў.

Ёсць ў Віктара Аслюка і спроба стварэння поўнаметражнай ігравой стужкі («Нябачаны край», 2006, па прозе Міхася Зарэцкага).

Віктар Дашук

Віктар Дашук (16.09.1938, Валокі, Гомельская вобл.)

Адна са знакавых постяцяў беларускага кінамастацтва. Уладальнік шэрагу прызоў прэстыжных міжнародных кінафестываляў. Пасля працы журналістам у сярэдзіне 1960-х абірае прафесію кінадакументаліста і разам з іншымі рэжысёрамі “пакалення адлігі” стварае шэраг выбітных стужак, якія прыцягваюць увагу да дакументальнага кіно шырокіх глядацкіх колаў. У 1980-я разам з Юрыям Хашчавацкім і Аркадзем Рудэрманам становіцца адным з лідараў беларускага мастацтва і атрымлівае вядомасць далёка за межамі краіны.

Віктар Дашук вядомы сваімі вострасацыяльнымі карцінамі, у якіх натуральным чынам спалучаюцца публіцыстыка і мастацкае асэнсаванне рэчаіснасці. Сапраўднай сенсацыяй сталі пацыфісцкія цыклы “Я з вогненнай вёскі” (1975-78), “У вайны не жаночы твар” (1980), дзе на дакументальным экране з’явіліся яскравыя сведчанні ваеннай катастрофы Другой Сусветнай і яе наступстваў для прастых беларусаў. Адной з самых гучных падзей у савецкім кіно эпохі “позняй перабудовы” стала дакументальнае даследаванне Віктара Дашука “Віцебская справа” (1989), якое стала важным сведчаннем распаду таталітарнай сістэмы, а самого рэжысёра зрабіла адным з маральных аўтарытэтаў у беларускім грамадстве.

Вострапалітычныя памфлеты “Ноч доўгіх нажоў” (1998) і “Рэпартаж з клеткі для трусоў” (2001),накіраваныя супраць палітыкі беларускіх уладаў, былі створаны ўжо ў новую палітычную эпоху, у якой Віктар Дашук знаходзіцца на правах дысідэнта і з’яўляецца адным з самых вострых крытыкаў дзеючага ў Беларусі рэжыму.

Апрача дакументальных, Віктар Дашук зняў таксама дзве ігравыя стужкі – “Двое на востраве слёз” (1987) і “Салодкі яд кахання” (1995). Усяго Віктара Дашуком створана, у тым ліку, па ўласных сцэнарыях, каля 80 работ.

Вольга Дашук

Вольга Дашук (01.12.1971, Менск)

Дачка і вучаніца Віктара Дашука. Жонка і сааўтар Віктара Аслюка. Працу ў кіно паспяхова спалучае з выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю.

Стварыла некалькі яркіх дакументальных стужак, у якіх таленавіта паказала партрэты неардынарных беларусаў на фоне прыроднай і культурнай серады. Стужкі атрымалі прызнанне на розных беларускіх і міжнародных кінафорумах.

“Адзінаццаць манетак” (2007) распавядаюць аб самадастатковым правінцыйным гаспадары, які цікавіцца гісторыяй роднага краію. “Тры кіламетры да неба” (2010) – эмацыйны партрэт прыкаванага да ложку маладога чалавека, які жыве мараю выканаць прыжок з парашутам. “Кінааматар. Восенькі сон” (2011), бадай, што самая ўдалая спроба Вольгі Дашук перадаць у кіно атмасферу зыходзячай натуры, распавесці пра правінцыйнае вясковае асяроддзе.

Міхаіл Жданоўскі

Міхаіл Жданоўскі (06.04.1939, Краснадар, Расія)

Яскравы прадстаўнік паэтычнага накірунку ў беларускім дакументальным кіно. Стваральнік мноства выбітных работ аб культурных з’явах і дзеячах беларускага мастацтва, гістарычных постацях, важнейшых падзеях грамадскага жыцця. Аўтарскі стыль рэжысёра вельмі рознабаковы. Кожная тэма і сітуацыя, да якіх ён звяртаецца ў сваіх стужках, знаходзіць пэўнае мастацкае ўвасабленне.

Міхаіл Жданоўскі – ці не адзіны беларускі дакументаліст, які актыўна працаваў у “залатыя часы” беларускай дакументалістыкі (1980-я - 1990-я) – і паспяхова працягвае сваю дзейнасць да гэтай пары. Сярод яго ранейшых стужак асоба вылучаюцца карціны “Цавед Танем. Фрагменты трагедыі” (1989) аб наступствах землятрусу ў Арменіі ў 1988 годзе і “Дарога на Курапаты” (1990) аб святкаванні Дзядоў ў Менску, якія атрымалі вялікі грамадскі розгалас далёка за межамі Беларусі. У наступныя дваццаць гадоў рэжысёр стварае такія “ціхія шэдэўры” як партрэт музыкі Уладзіміра Перліна “На кожны гук ёсць рэха на зямлі” (1995), аповед аб кінааператары Сяргеі Пятроўскім “Асобны чалавек” (2002), аб кругазвароце жыцця ля Сынкавіцкай царквы “Вечнае вяртанне” (2008), аб унікальным жыцці ў беларускай правінцыі “Праз стагоддзі. Сентыментальнае падарожжа па Браслаўшчыне”. Сярод тэм, якія асабліва вылучае Міхаіл Жданоўскі, можна назваць тэму духоўна-рэлігійнага жыцця і беларускай мінуўшчыны. Апошняя па часе карціна рэжысёра “Паходня вайны” (2011) як раз прысвечана асобе вялікага князя літоўскага Вітаўта.

Андрэй Куціла

Андрэй Куціла (03.07.1983, Баранавічы)

Самы актыўны прадстаўнік маладога пакалення беларускіх дакументалістаў. Скончыў факультэт журналістыкі, але амаль адразу прыйшоў у кіно. Ладзіў у Мінску міжнародны фестываль кароткаметражных студэнцкіх стужак. Пачаў здымаць самастойна з дапамогай сваіх сяброў. Амаль з першых спробаў быў заўважаны і ацэнены крытыкай і адборшчыкамі міжнародных фестываляў.

Андрэй Куціла – рэжысёр-назіральнік. Ён не ўмешваецца ў акаляючую рэальнасць, а спрабуе ўвесці ў яе гледача натуральным чынам. Самая першая яго сур’ёзная работа “Фокусная адлегласць” (2007, сумесна з Раманам Рамашкай) – партрэт пажылога фатографа з Падмаскоўя, які паступова ператвараецца ў гісторыю жыцця. Пад несумненным уплывам стылю Віктара Аслюка зроблена “Днюка” (2009, сумесна з Аляксандрам Налівайкам), дзе праз побыт пары сельскіх жыхароў перадаецца адчуванне жыцця ў сучаснай беларускай правінцыі. Цікавы мантажны падыход Андрэй Куціла выкарыстаў у тэлевізійным аповедзе аб жыцці і творчасці савецкага скульптара Андрэя Бембеля “Андрэй Бембель. Смерць. Перамога. Слава” (2010). Маленькім шэдэўрам рэжысёра стала карціна “Мяккі шлях” (2011), у якой ён пастараўся намаляваць партрэт маладога беларуса для міжнароднага альманаха, прысвечанага маладому пакаленню грамадзян пятнаццаці краін былога СССР. У апошні час Андрэй Куціла заняты праектамі на незалежных беларускамоўных тэлеканалах.

Кацярына Махава

Кацярына Махава (16.09.1978, Менск)

Кацярына Махава прыйшла ў кінадакументалістыку з беларускага тэлебачання, дзе, у тым ліку, удзельнічала ў стварэнні шэрагу партрэтаў вядомых беларускіх кінематаграфістаў. яе спецыялізацыя ў кіно – стварэнне партрэтаў сучаснікаў. Першая спроба – цікавае параўнанне гарадскога і вясковага маладзёжнага менталітэту ў карціне “Дзве гісторыі” (2008). Далей была цалкам “вясковая” трылогія – “Коліш” (2008), “Давеку” (2010) і “Званар” (2011). Кацярына Махава паўстае ў ёй як уважлівы даследчык культурнай самабытнасці беларусаў, якую рэжысёр спрабуе асэнсаваць на эмацыйным узроўні.

Юрый Хашчавацкі (18.10.1947, Адэса)

Адзін з самых вядомых беларускіх рэжысёраў. У кіно прыйшоў з тэлебачання ў самыя цікавыя для беларускай дакументалістыкі часы. Валодае вострасатырычным публіцыстычным стылем, які добра пазнаецца гледачом. Адным з першых поспехаў стаў Гран-пры на міжнародным фестывалі “Пасланне да чалавека” ў Санкт-Пецярбурзе ў 1989 годзе за стужку “Сустрэчны іск”, якую ён зрабіў разам з Аркадзем Рудэрманам. Спецыялізацыя Юрыя Хашчавацкага – палітычная сатыра, не абмежаваная нацыянальна або геаграфічна. Пасля стужкі “Звычайны прэзідэнт”, дзе Юрый Хашчавацкі абыграў матывы знакамітай карціны Міхаіла Рома “Звычайны фашызм”, знаходзіцца ў жорсткай апазіцыі да сучаснага палітычнага рэжыму. Шырокавядомай стала карціна Юрыя Хашчавацкага “Плошча” (2007), дзе рэжысёр дае сваю адзнаку падзеям прэзідэнцкай кампаніі 2006 году ў Беларусі. Юрыя Хашчавацкага цікавяць і падзеі за межамі краіны – пэўны розгалас атрымаў фільм “Лабатамія” (2010), у якім расказваецца аб расійска-грузінскім канфлікце 2008 года. Сумесна з расійскім паэтам-бардам Аяксандрам Гарадніцкім Юрый Хашчавацкі стварыў дакументальнае даследаванне “У пошуках ідышу” аб лёсе беларускіх габрэяў і габрэйскай культуры.






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.