АНДРЭЙ РАСІНСКІ: З гісторыі беларускай анімацыі

АНДРЭЙ РАСІНСКІ: З гісторыі беларускай анімацыі

Раннія прыклады беларускай анімацыі, у тым ліку й карціна Уладзіслава Старэвіча «Над Нёманам», згубіліся — і ейным пачаткам лічыцца 1973 год, калі пабачыў свет лялечны «Нязнайка-паэт».

Спачатку ў майстэрні пры «Беларусьфільме» пераважалі дыдактычныя гісторыі: «Вася Буслік і ягоныя сябры» (1973), «Алёнчына цыпляня» (1974), «Квака-задавака» і «Цімка і Дзімка» (1975), «Кацяня Філя і…» (1981).

Але маляваная стужка «Касар-волат» (рэжысёр Л.Шукалюкоў, 1976) пастаўленая ўжо паводле народнае казкі. «Мілавіца» Юрыя Дубровіна (1977) распавядае легенду пра закаханага юнака, які мусіць вырабіць шкляныя боты. Лялечная «Гліняная Аўдотка» — пацешка пра гліняныя цацкі. Фільм «Хлеб» (рэжысёр Л.Шукалюкоў, 1984) — чароўная гісторыя пра чалавечую працу. А пабытовая казка «Як мужык гаспадарыў», (рэжысёр В. Доўнар, 1983) — музычная камедыя, дзе муж і жонка памяняліся месцамі.

Лялечны фільм «Ліса, мядзведзь і мужык» (рэжысёр В.Доўнар, 1982) ганараваны дыпломам «За гумар у раскрыцці нацыянальнага характару». А казка «Дзед і жораў» Яўгена Ларчанкі (1983) зробленая ў стылістыцы беларускага лубка.

Маляваныя «Светлячок і Расінка» (рэжысёр Ю.Бутырын, 1978) паводле кароткага верша Максіма Танка й перакладка «Пустэльнік і Ружа» (рэжысёр К.Красніцкі, 1980) — сталіся адметнымі лірычнымі фільмамі.

Рэжысёр Алег Белавусаў, які дэбютаваў «Казкай пра вясёлага клоўна», у 1982 экранізаваў «Песню пра Зубра» — паэму гуманіста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага. Белавусаў таксама анімаваў «Ладдзю Роспачы» (1987) паводле Уладзімера Караткевіча, а праз два гады «Вельмі старога чалавека з агромністымі крыламі» Габрыэля Маркеса.

У сярэдзіне 80-ых беларуская анімацыя дасягнула сталасці: прыйшлі новыя творцы, акрэслілася аўтарскае кіно. Фільмы Ігара Волчака, па першае адукацыі музыкі, «Капрычыа» (1986), «Канчэрта Гроса» (1988), «Скерца» (1994) — філасофскія прыпавесці пра чалавечае жыццё; да іх блізкая «Пастараль» (1998).

Стужка Уладзімера Пяткевіча «Жыло-было дрэва» (1996) — адна з вяршыняў беларускай аўтарскай анімацыі — зробленая ў тэхніцы фарбаванага пяску. «Лафертаўская макаўніца» (1986) Алены Пяткевіч — дзівосная карціна-насланнё, намаляваная чорным парашком.

Ірына Кадзюкова, якая працуе ў тэхніцы перакладкі, стварыла «Калядныя апавяданні» (1994), «Дзіўную вячэру на Куццю» (1999), «Прытчу пра Раство» (2000), «Легенду пра ледзі Гадзіву» (2004). Стужку «Дзяўчынка з запалкамі» Кадзюкова паставіла паводле казкі Г.-Х.Андэрсэна. А казка «Сястра і брат» (2002) нечакана спалучае стары сюжэт пра сястрыцу Алёнушку дый іранічныя цытаты з рэкламы.

Алена Турава — дачка рэжысёра Віктара Турава — экранізавала «Казку пра Сінюю Світку» (1997), «Музыку-чарадзея» (2001) паводле народных казак дый «Баладу пра тры апельсіны» — паводле Карла Гоцы.

Рэжысёр Аляксандр Ленкін вядомы пацешнымі фільмамі пра «Рэактыўнага парсючка» (8 серый пад рознымі назвамі). Але ў апошняй сваёй стужцы «Птушка» (2009) творца звярнуўся да жанру прыпавесці, з якога пачынаў («Не забі», 1990). Герой сумнае «Птушкі» — стары, які выгадаваў ластаўку.

Вучань Юрыя Нарштэйна Міхаіл Тумеля — аўтар знятай па замове Асеціі маштабнай «Чароўнай жалейкі», дзе граюць болей за 120 лялек. У апошніх стужках рэжысёр парадаксальна злучае выразныя мінімалісцкія малюнкі, лаканічныя народныя фразы — дый сучаснае гукавое афармленне. У «Выцінанцы-выразанцы» (2010), дзе ажывае народнае мастацтва выразанак, дый кінаўвасабленні «Беларускіх прымавак» (2008) удзельнічала этна-рок-група «Тройца».

А вось «Музычная скарбонка» (2009) Тацяны Кубліцкай — экранізацыя народных спеваў. На студыі здымаецца і працяг «Музычнай скарбонкі».

Народны герой Несцерка стаўся персанажам 11 анімаваных фільмаў Ігара Волчака. Затое грунтоўная «Аповесць мінулых гадоў» — гэта калектыўны зборнік пра гербы беларускіх гарадоў (ствараецца 5-ая серыя).

За 39 гадоў на кінастудыі было знята болей за 100 анімаваных фільмаў. Але беларуская анімацыя адзінай кінастудыяй не абмяжоўваецца.

Мастак Алег Мініч, які ў 2004 годзе ствараў палітычную інтэрнэт-сатыру «Мультклуб» — і пасля вымушаных уцёкаў з краіны супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат» — цяпер працуе над 3-D анімацыяй. Аляксей Церахаў (таксама ў эміграцыі) — аўтар складаных і выкшталцоных кампутарных кліпаў для «Ляпіса-Трубяцкога» («Капітал», «Зорачкі», «Болт»). Мастачка Юлія Рудзіцкая прыдумала задумлівую анімацыю «Тры янгалы» для гурта «Тройца» і, для кампаніі «Будзьма» — агітацыйна-музычны ролік «Будзьма беларусамі!», дзе ўся гісторыя Беларусі дасціпна расказваецца за 5 хвілінаў.






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.