АНДРЭЙ РАСІНСКІ: Час «Ваўкоў» Аляксандра Колбышава

АНДРЭЙ РАСІНСКІ: Час «Ваўкоў» Аляксандра Колбышава

У 2009 годзе на «Беларусьфільме» з’явілася стужка, якой за сённяшнім кіраваннем не мусіла быць. Фільм «Ваўкі» Аляксандра Колбышава выкрываў таталітарызм — хаця ягоныя традыцыі ў краіне квітнеюць, дый выстаўляў сталіністаў злачынцамі — хаця з прыходам Лукашэнкі школьнікаў папавозяць на бутафорскую «Лінію Сталіна».

Стужка пастаўленая ў кароткі перыяд кволай лібералізацыі, але й гэтага хапіла, каб нарадзілася антытаталітарная карціна, што працягвае «перабудовачныя» роздумы — спыненыя амаль на дваццаць гадоў неасталінскімі дрындушкамі пра добрых гэбоўцаў у беларускіх лясох. Але фільм «Ваўкі» палічылі несвоечасовым і непадыходным не толькі савецкія аматары казармы, але й некаторыя беларускія гледачы: карціна на рускае мове пра далёкія часы. Толькі суворая драма «Ваўкі» — амаль прыпавесць пра выбар у невыносных умовах дый дакладны духоўны партрэт сучаснага беларускага грамадзтва перад досвіткам.

На занесенай снегам станцыі «Вярыга» спыняецца эшалон з вязнямі. Арыштант Кірыл Палятаеў уцякае ад канвою — і хаваецца ў роднай вёсцы, што паблізу. Адныя месцічы дапамагаюць герою, другія — прагнуць яго схапіць. Сталінскія карнікі абвяшчаюць, што рэпрэсуюць усю вёску, калі ўцякач не знойдзецца. Герой мяркуе здацца, але ён недаацаніў ваўкоў.

Ваўчынае паляванне на чалавек нагадвае «Аблаву» Васіля Быкава. Але аповесць, па якой складзены фільм, напісаная шчэ ў 1963 годзе. Аляксандр Чакмянёў, беларускі сцэнарыст дый рэжысёр, тады спрабаваў надрукаваць твор. Але аўтара выклікалі ў КДБ і абяцалі сур’ёзныя непрыемнасці. Гісторыя, якая «ачарняе светлы вобраз» карніцкае машыны, пабачыла свет толькі на пачатку 2000-ых.

Аповесць захапіла Аляксандра Колбышава, але ён і не марыў паставіць непрахадны твор на беларускае кінастудыі. Нечакана з кінастудыі патэлефанавалі й прапанавалі запускацца з карцінай. Гісторыя гэная складаецца з парадоксаў: дырэктарам кінастудыі тады быў адзін з арганізатараў ганебнага «моўнага» рэферэндуму 1995 году Уладзімер Замяталін, запісаны інтэлігенцыяй у адвечныя ворагі беларускай культуры. Колішні палітрук не толькі ўсяляк спрыяў выхаду антытаталітарнае беларускае стужкі, але й склаў для яе малітву, якая добра пасавала фінальным кадрам.

На экране — шэра-сцюдзёнае насланнё, падкрэсленае чырвона-крывавымі плямамі савецкіх сцягоў (трагедыйная светлапісь аператара Паўла Зубрыцкага). Холад і снег, кранальны й шапялявы дзіцячы голас, брэх сабакаў, чорная сцень ГУЛАГаўскага цягніка.

Почырк Колбышава акадэмічны й стрыманы. Колеры й дэкарацыі ў кадры не мусяць адцягваць увагі ад рухаў чалавечай душы: ад слёзаў і роздуму, ад сумневаў і ярасці. Сам таленавіты акцёр Колбышаў дамагаўся дакладнага псіхалагічнага малюнку кожнае ролі: што адчувае чалавек, пастаўлены перад выбарам?

Хрыпіць ад прастуды й злосці галоўны паляўнічы — гнюсна-падступны гэбовец Андрэй Панін. Ён даўно зрабіў свой выбар на карысць смерці; ледзяны пранізлівы зырк, рэзкія жэсты, кашаль з саплямі. У жалезнага камуніста (Вячаслава Паўлюця) таксама інфернальная «недасканаласць» — толькі адна рука. А вясковая даносчыца (у выкананні Аксаны Лясной) з лісліва-шчаснымі вачыма — высушаная ад страху і партыйнага экстазу. Добраахвотныя савецкія шпунцікі, што адмовіліся ад уласнае волі, вытачаныя з непрыкметным гратэскам.

Хісткія сцені на твары Уладзімера Гасцюхіна. Ягоны герой, які дагаджае гэбоўскому карніку — гэта варыяцыя кароннай тэмы, што прынесла акцёру славу. У фільме «Узыходжанне» Ларысы Шапіцькі (паводле «Сотнікава» Васіля Быкава), што таксама ёсць крыніцаю для «Ваўкоў», Гасцюхін сыграў здрадніка з раздушаным сумленнем. (Акцёр вядомы сваёй падтрымкай аўтарытарнага кіраўніка, але ў фільме ён цалкам на сваім месцы.)

Хто не баіцца дапамагаць «ворагу» — дык гэта дзеці, жывыя, светлыя, непасрэдныя. Прататыпам хлопчыка Шуркі, якога сыграў Коля Спірыдонаў, быў сам аўтар аповесці Аляксандр Чакмянёў. А Дыяна Запрудская (неўзабаве сталася ў беларускае казцы «Рыжык у Залюстроўі» прынцэсай) — у фільме Колбышава няўрымслівая шапялявая дзяўчынка.

На тле адметных пераследнікаў і выратавальнікаў губляецца сам галоўны герой (Дзмітры Ульянаў). Ён не дзейнічае, ён пазбягае выбару — ён падмарожвае трагедыю сваёй пасіўнасцю.

Але герой Кірыл Палятаеў — кананічны тутэйшы, апеты ў шматлікіх жаллівых гутарках. Чалавек-трава з непераадольнай «ахвотаю жыць», які дзеля гэтай ахвоты адмаўляецца ад усялякае пэўнасці.

І менавіта такі беларускі час, на хвілю злоўлены ў карціне 2009 году. Дзесьці там святло — і антысталінскія гісторыі яшчэ актуальныя. Месцічы ўжо ўцяклі з ГУЛАГаўскага эшалону, але ўсё яшчэ абкладзеныя воем і брэхам.

Людзі ўжо выйшлі на шлях, але баяцца зрабіць крок — і вакол сцюжа. Яны прагнуць свабоды, але па звычцы перакладаюць сваё вызваленне на іншых. Беларуская патавая сітуацыя: вязні яшчэ не здольныя быць на волі, турэмшчыкі ўжо не здольныя іх злавіць.

Надыйшоў час выйсці насустрач ваўкам.






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.