АНДРЭЙ КУДЗIНЕНКА: Майстэрня

АНДРЭЙ КУДЗIНЕНКА: Майстэрня

«ЛIХАР: мiнскi эпізод Освальда»

Некалькi гадоў таму ў Мінск ехалi дамаўляцца на кiназдымкi эстонскiя кiнематаграфiсты. Шлях няблiзкi, практычна як заўжды, напiлiся у дарозе, пачалi ўзгадваць, што ёсць такога цiкавага ў Мінску паглядзець, дзе нiколі яшчэ не былi. – Музей Шагала? – Не!Той жыў у Віцебску!... – Освальд! Освальд! Мне казалi: там ёсць музей Освальда, забойцы Кенэдзi!! – радасна прарычаў аператар. Хто даў яму такую блытанную iнфармацыю, ён сам забыўся, але тры днi яны зацята распытвалі – шукалі гэты музей, палохаючы беларускiх калегаў, мянтоў ды мінакоў…

Гэтая персона побач са мною з самага дзяцiнства – мой бацька неаднойчы хадзіў з ім на адны й тыя ж танцы, а родная мая цётка працавала разам з Марынай Прусаковай, жонкай Освальда ў адной лякарнi. Яна была ўдзельнiцай таго камсамольскага сходу (галасавалі,канечне,адзiнагалосна), калi Прусакову выкінулі з УЛКСМ, цётка казала, што Марына нiколькі пра гэтае не шкадавала, а, наадварот, стойка бiлася за свайго мужа-амерыканчыка, і штось пра свабоду выбару казала…

Сёлета выйшла выбiтная кнiга А.Лукашука «След матылька», якая падштурхнула на думку зрабiць фільм пра Освальда, пра Мiнск таго часу. Сама рамантычны й шчаслівы перыяд савецкага жыцця – вачыма чалавека iншай цывiлiзацыi, якi прыехаў ва прымроеную Утопiю.

Фiльм ігравы. Знайсцi форму, метад апавядання…

***

Лiхар – такую мянушка далі Лі Харві Освальду калегі з эксперыментальнага цэху Мінскага радыёзавода.

З славянскай міфалогіі лiхар – з аднаго боку: чалавек хваткі, рызыкоўны, а з другога: нешчаслівы сам дый які прыносіць няшчасце іншым людзям.

***

Фільм можна было пачаць з пралогу. Ранняя вясна, сакавік, ляжыць снег. Па радыё транслюецца прамова Хрушчова, ён выступае ў мінскім оперным тэатры, ва ўшчэнт разбівае навуковую працу беларускіх арнітолагаў. Вонкавае назіранне за Освальдам ўзмоцненае. Освальд – у сваёй кватэры, з раніцы прыкінуўся хворым і не выйшаў на працу, чым выклікаў асаблівую нярвовасць у супрацоўнікаў КДБ. І вось ён выходзіць з пад'езда з паляўнічай стрэльбай у чахле, агенты перадаюць яго адзін аднаму: праспект Леніна, тралейбус нумар 2, ГУМ... Амерыканец, хоць і не наўпрост, але набліжаецца да опернага тэатру, нечакана для агентаў знікае за дзвярыма паляўнічай крамы, дзе прадае злапомную аднастволку ...

Два гады і тры месяцы раней: Лёнька Галавачоў (імёны і прозвішчы рэальных удзельнікаў падзей крыху змененыя), сын Героя Савецкага Саюза, камандуючага Сібірскай ваеннай акругай, выклікаецца да парторга завода, дзе атрымлівае заданне дапамагчы ад пачатку асвойтацца ў савецкай рэчаіснасці амерыканцу-марксісту. Лёнька, у адрозненне ад калегаў, якія амаль усе вывучалі нямецкую мову, даволі добра валодае ангельскай. Лёнька становіцца гэткім Сталкерам па менскім жыцці, і апавяданне вядзецца спачатку з ягонага пункту погляду . Ім абодвум крыху за дваццаць, агульныя ў гэтым узросце жаданні – танцы і дзяўчыны. Освальду штучна завышаюць зарплату да ўзроўню дырэктара завода, даюць у элітным доме "аднапакаёўку". Ленька таксама ў грошах не уціснуты.

Пачынаецца самы бестурботны, донжуанска-хуліганскі, самы шчаслівы, хоць і нядоўгі, перыяд у жыцці Лiхара.

Адразу на працы завязваецца платанічны раман з практыканткай Стэлiнай, дачкой прафесара з Рыгі. Освальд начытаны, парадаксальны і рэзкі ў меркаваннях, знаўца Элвіса Прэслі і Чака Бэры, служыў у Японіі, распавядае байкі пра свае ўцёкі з арміі і перасячэнні мяжы ва Уладзівастоку. Ен адзіны амерыканец у горадзе, дзе практычна (акрамя беларусаў-эмігрантаў з Аргентыны) не было замежнікаў. Освальда бянтэжаць пурытанскія нормы савецкіх паненак, ён фліртуе паралельна з некалькімі дзяўчынамі, аддаючы перавагу простым, вясковым, даступным. Танцы ў клубе, вечарынкі ў ягонай кватэры. Паступова Освальда пачынае раздражняць немагчымасць выдаткаваць грошы, адсутнасць боўлінгаў і начных клубаў, ды яшчэ штодзённая праца з дзесяціхвіліннай абавязковай рухаўкай, палітінфармацыяй (якую праводзіць актыўная, «грамадская» Стэлiна) і паездкамі ў калгас штосуботу, замест належнага выхаднога. Там у калгасе Стэлiна становіцца сведкам інтрыжкі свайго, як яна думала, каханага з ейнай лепшай сяброўкай Розай. Освальд робіць гэта знарок, зневажальна і напаказ. Стэлiна з'яжджае ў Рыгу да бацькоў.

На святкаванне Новага году Роза прыводзіць аднакласніцу Элу, каб пазнаёміць з Лёнькай. З гэтага моманту райскае жыццё Освальда разлятаецца ў пух і прах. Эла становіцца для яго Настассяй Філіпаўнай з ягонага любімага «Ідыёта», а ён сам побач з ёй – слугой, блазнам і поўным ідыётам. Не валодаючы яркай знешнасцю, Эла псіхалагічна прывязвае яго да сябе, выводзіць, прымушае раўнаваць, прычым фізіялагічна трымаючы яго на дыстанцыі – «толькі пасля вяселля». Освальд гатовы на гэта, але яна не спяшаецца, «не ўпэўненая ў ягоных пачуццях». Гэтая мазахісцкая сувязь доўжыцца амаль год. Освальд знаходзіцца ў перманентнай дэпрэсіі, пачынаюць праяўляцца цёмныя боку яго натуры – эгацэнтрызм, падазронасць, пыха, нецярпімасць. Эла, атрымаўшы над ім поўную ўладу, адмаўляецца з ім сустракацца, ён сочыць за ёй, ладзіць публічныя істэрыкі.

У гэты момант і Лёнька аддаляецца ад яго. Ён не кажа праўду, хавае сапраўдную прычыну ад Освальда, прыводзячы яго ў шаленства. Насамрэч, у КДБ выклікалі Леньку і ягоных высокапастаўленых бацькоў, дзе прадэманстравалі фатаграфіі і аўдыёзапісы прыгодаў юных камсамольцаў. Там жа адбываецца вочная стаўка з мілай шлюбнай парай, суседзямі Освальда па лесвічнай пляцоўцы. Сучасныя, прагрэсіўныя, з заходнімі густамі маладыя інжынеры былі стукачамі.

Освальд прапускае працоўныя змены, катэгарычна адмаўляецца ездзіць у калгас, удзельнічаць у палітінфармацыях дый іншых грамадскіх прымусах, да таго ж яго не пускаюць на экскурсію з цэхам ў Маскву. Освальд пачынае дазваляць сабе яхідныя жартачкі пра камуністычны лад, сварыцца з калегамі, правакуе бойку з ветэранам вайны, сваім галоўным ворагам на заводзе.

Тут жа побач з Освальдам «нечакана» ўзнікае новы сябар Робэрт. Ягоная задача – любым чынам дапамагчы Освальду аднавіць ранейшае стаўленне да савецкага рэжыму. Робэрт – абаяльны малады студэнт палітэха, ён падышоў на вуліцы і пазнаёміўся з Лiхаром з мэтай практыкаваць англійскi. Ён – «штатнік», стыляга, і хоць таемна працуе на органы, але цешыць думку з'ехаць з дапамогай Освальда ў ЗША. Вялікую павагу ў амерыканца ён заслугоўвае тым, што знаёміць яго з прыгажуняй Марынай. У гэты момант Освальд спрабуе апошні раз пагаварыць з Элай і, атрымаўшы адмову, робіць няўдалую спробу самагубства – Робэрт ратуе яго ў апошні момант.

Да здзіўлення Освальда першай у бальніцы яго наведвае Марына, якой ён тут жа прапаноўвае выйсці замуж, і яна згаджаецца.

Пасля вяселля жыццё маладых не ладзіцца, абодва пабытова не прыстасаваныя, Марына цяжка пераносіць цяжарнасць. Ліхар аб'яўляе пра сваё жаданне вярнуцца ў Амерыку. Канчаткова пагаршаюцца стасункі з сябрамі, Марыну выганяюць з камсамола, а пасля і з паліклінікі, дзе яна працуе. Робэрту і сваякам Марыны даецца ўстаноўка змяніць іхняе рашэнне, тым болей, што амерыканскія ўлады не спяшаюцца даваць «зялёнае святло» (Освальд у снежні 1959 года ў амерыканскім пасольстве ў Маскве ўсчыніў палітычную правакацыю, сапсаваўшы свой пашпарт).

Пачынаецца не жыццё, а сапраўднае пекла. Сталыя сваркі з жонкай, ненавісная праца, просьбы Робэрта аб пасылках з Амерыкі з адзеннем, часопісамі і кружэлкамі. З маці і братам ён перад паездкай дэманстратыўна разарваў, а цяпер вымушаны прыніжацца, спрабуючы наладзіць адносіны перад чаканым вяртаннем. Пры ўсіх канфліктах з Марынай адзіны станоўчы момант – яна цвёрда падтрымлівае мужа ў ягоным рашэнні з'ехаць. Ён так і не даведаецца, што яна былая сяброўка Робэрта.

Эла выходзіць замуж за ягонага ворага-ветэрана, і колькі разоў правакуе яго на інтымныя сувязі, зноў пакутліва прывязваючы да сябе.

Чаканне дазволу на ад'езд працягнецца амаль год. За гэты час у іх народзіцца дзяўчынка і знікнуць усе надзеі вярнуцца ў ЗША. Жыццё ў ізаляцыі і пагардзе з боку былых прыяцеляў, пры няспынным і амаль непрыхаваным пільнаванні й праслухоўцы.

Апошні эпізод фільма – паляванне на качку. Дзядзька Марыны, падпалкоўнік МУС, запрашае Освальда адцягнуцца, а насамрэч спрабуе чарговы раз ўгаварыць яго застацца ў СССР. Яны палемізуюць пра абяцаны на пленуме ЦК КПСС камунізм да 1980 году, пра аперацыі ў В'етнаме і ў Затоцы Свінняў, пра небяспечную палітыку куміра Освальда – прэзідэнта Кэнэдзі.

Паляванне з падсадной качкай з засады. Нягледзячы на тое, што Освальд раней хваліўся, што выканаў нарматыў снайпера «на выдатна» падчас службы, ён прамахваецца ўсе тры разы. Паляўнічыя нават прапануюць яму ў якасці маральнай кампенсацыі прыстрэліць варону, але ён адмаўляецца. Менавіта цяпер ён ясна ўсведамляе, што нікуды ён не паедзе, і ўсё ягонае жыццё – вось з гэтымі мужыкамі, сабакамі, гарэлкай да поўнай перамогі камунізму. Непітушчы Освальд з гора «надзірается» да падзення пад стол у сакавіцкую гразь. Дзядзька цягне яго ў машыну, Освальд нешта мармыча па-ангельску, плача, галосіць і супакойваецца ў сне на заднім сядзенні ...

***

Вось такi, а-ля галiвудскi, байопік да 50-годдзю стрэлаў у Даласе, можна было б сварганiць не меньш, як за 2 млн эўра. Але я задумаў сюрпрыз для аматараў кіно – абсалютна супрацьлеглы, нестандартны фiльм з элементамi жанра мок’юментары, татальную кiнафiкцыю, фiльм-парадокс, фiльм-мiстыфiкацыю, новую партызанскую кiнабомбу. Больш нiчога казаць не маю права – поўная канспiрацыя.






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.