AЛЛА БАБКОВА: Адзін пень гарэў…

AЛЛА БАБКОВА: Адзін пень гарэў…

Беларускае кіно як нацыянальны феномен, як беларусіка (азначэнне Максіма Багдановіча) – гэта суцэльныя брацкія могілкі задумак і спроб шмат каго з кінематаграфістаў, працаваўшых у даваенныя, пасляваенныя і пасляперабудовачныя дзесяцігоддзі. У 1930-ыя гады, калі кінастудыя “Савецкая Беларусь” трэста Белдзяржкіно знаходзілася ў расейскім Ленінградзе, абеларусіць яе вытворчасць імкнуліся вядомыя гуманітарыі-літаратары Анатоль Вольны, Язэп Дыла, драматург Рыгор Кобец. Але першы загінуў у сталінскім ГУЛАГу, дваіх іншых з кінематографа выбілі рэпрэсіі. У пачатку 1960-ых ні хрушчоўская адліга, ні заступніцтва аўтарытэтнага мэтра Міхаіла Рома не выратавалі першы сцэнар Уладзіміра Караткевіча “Гнеўнае сонца пякучае”, які імкнуўся ажыццявіць рэжысер Ігар Дабралюбаў. Напэўна, у Мінску з палёгкай уздыхнулі, калі ў Маскве яго “зарубілі”, бо навошта савецкаму гледачу стужка пра пераадольванне страху? Пакутлівым быў шлях да экрана гістарычнай трагікамедыі Караткевіча “Жыццё і ўзнясенне” Юрася Братчыка”, над якім пісьменнік працаваў з таленавітым пастаноўшчыкам Уладзімірам Бычковым. Абодвух мардавалі на ўсіх стадыях так званымі “папраўкамі”, бо думка “Нельга кланяцца ніжэй плахі! Сорамна!” здавалася небяспечнай. Таму шырокі глядач так і не ўбачыў стужку пра Хрыста-самазванца, які прызямліўся ў Гародні трыста гадоў таму і ўзбунтаваў народ. (Фармальна фільм выпушчаны ў 1967 г., але ў аўтарскім варыянце яго можна было ўбачыць толькі ў 1989 г., пасьля перабудовачнай “рэабілітацыі”).

У апошнія два дзесяцігоддзі пахаваны намеры вядомых беларускіх рэжысёраў экранізаваць творы “Ладдзя Роспачы” Уладзіміра Караткевіча, “Мёртвым не баліць”, “Жоўты пясочак”, “Яма” Васіля Быкава, “Князь Вітаўт” Аляксея Дударава і яшчэ дзесяткі праектаў, што надалі б нашаму кінематографу нацыянальную своеасаблівасць.

Вельмі балючай стратай у ваеннай тэме лічу адмаўленне Валерыя Рыбарава ў 1992 г. ад далейшай працы над фільмам “Голас крыві брата твайго” паводле аднайменнага рамана Вячаслава Адамчыка. Умовы, якія ставіў рэжысёр, не былі выкананы тагачасным кіраўніцтвам “Беларусьфільма”. Можа, таму, што Рыбараў узяўся за тэму, аб якой да гэтай пары лічаць за лепшае маўчаць. У нездзейсненай стужцы фігуравалі два тыпа беларуса часоў Другой сусветнай вайны ( дзеянне адбывалася ў акупаванай Беларусі ў 1943-1944 г.г.) Адныя добраахвотна ўступалі ў карныя атрады і знішчалі сваіх. Другія, як інтэлігент Змітрок Корсак, вельмі позна зразумелі: акупанты зусім не намераны спрыяць нацыянальнаму адраджэнню. І заплацілі жыццямі за ілюзіі.

Падсумую факталогію.

Беларускае мастацкое кіно, калі лічыць па вялікаму рахунку, так і не выйшла ў зону пошуку самаідэнтыфікацыі нацыі

(за выключэннем асобных выпадкаў). Бо Беларусь, як пры савецкім рэжыме, так і сённяшнім, з’яўляецца самай дэнацыяналізаванай з усіх краін былога СССР. І - калі абстрагавацца ад некалькіх дзяржаў Цэнтральнай Азіі, - самая кансерватыўная на рэфармаванне ў любых сферах. У кінагаліне ў тым ліку.

Кіраўнічая сістэма рэспубліканскага кінематографа навейшага часу – гэта ведамасны сколак з агульнадзяржаўнай кіраўнічай мадэлі з яе патэрналізмам, адсутнасцю перспектыўнага мыслення, сітуатыўным рэагаваннем і ідэалагічнай зашоранасцю.

Дзіўна, але ў свядомасці беларускіх прапагандыстаў яшчэ не знік пралетарскі стэрэатып пра варожае атачэнне вакол Сінявокай Беларусі ( ігравыя фільмы “Шчыт Айчыны” і “Крапавы берэт”). У гэтым годзе “далі адпор” “шкодлівым суседзям-палякам”, прадэманстраваўшы па галоўнаму тэлеканалу стужку “Талаш”

(пра ваенныя канфлікты СССР і Беларусі з Польшчай ў апошнія гады Першай Сусветнай вайны і пасля яе). Тэлефільм з чатырох серый настолькі слабы ў мастацкім сэнсе, што недзе паўгода кіраўнікі кіно не ведалі, што з ім рабіць. Але калі патрабуецца палітычны бізун, падыйдзе любы.

Больш за дваццаць гадоў таму – на хвалі перабудовы! - найбольш прадбачлівыя кінатворцы з Саюза кінематаграфістаў прапанавалі зрабіць на “Беларусьфільме” самастойныя студыі, якія атрымлівалі б бюджэтнае фінансаванне на падставе творчага конкурсу (так да апошняга часу працаваў “Масфільм” у Расеі, які заставаўся ў дзяржаўным сектары). Змагаліся творцы і за прыватныя, незалежныя кампаніі, якія далі б імпульс развіццю кінабізнеса і інстытута прадусараў. Аднак кінавазок зварухнуўся толькі ў цяперашнім годзе.

Міністр культуры Павал Латушка, выступаючы ў канцы верасня г.г. (2012) на Рэспубліканскім кінафестывалі ў Брэсце, адзначыў: “Калі паглядзім на тое, што адбываецца ў апошні час, важна адзначыць, што мы фактычна ажыццяўляем рэформу кінагаліны нашай краіны, якая ставіць перад сабой дзьве мэты: падняць творчы ўзровень беларускага кінематографа і ўвесці сістэму прадзюсерства. Я ўпэўнены, мы іх рэалізуем”.

Канешне тое-сёе зрушылася. Эканамічна-фінансавы крызіс пасунуў нашу сістэму да пошукаў інвестыцый для кіно па-за дзяржаўным бюджэтам. Але не адчуваецца, каб рэформа сфармавалася ў галовах апякуноў кіно.

Палажэннем конкурсу кінапраектаў, абвешчаных Міністэрствам культуры ў 2012 г., прэтэндаваць на 70 адсоткаў дзяржаўных грошай ( 30 адсоткаў прэтэндэнты павінны знайсці самі) маюць права і прыватныя кампаніі. Аднак пастаўлены такія ведамасныя бар’еры, што любая вострая тэма – ці пра сучаснасць, ці пра апошнюю вайну, ці пра гістарычныя падзеі, - асуджана на выцісканне. Ці ж не аб гэтым сведчыць наступнае “меню”, якое адзначана ў Палажэнні? Цытую: “Да крытэрыяў ацэнкі кінапраекта адносяцца (акрамя “актуальнасці і мастацкай якасці”- А.Б.): сацыяльная значнасць кінапраекта; выхаваўчая накіраванасць, абвяшчэнне духоўных, маральных, гуманістычных каштоўнасцей; стварэнне прывабнага іміджа Беларусі”.

Калі б здзяйснялася сапраўдная рэформа, то не патрабаваўся штатны спіс існуючых ідэалагем, а толькі адна ўмова: адпаведнасць артыкулам Кастытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сапраўды актуальныя, таленавітыя праекты пра сённяшняе жыццё беларусаў, аналагічныя, дапусцім, творам, “Афганец” Васіля Быкава (ім зацікавіліся расіяне), “Шалом” Артура Клінава, “Рыбін горад” Наталкі Бабінай, апавяданняў і аповесцяў Юрыя Станкевіча, атрымаюць ад варот паварот. І гэты фактар - адна з кардынальных прычын мастацкай няякаснасці беларускага кіно. Яно ўзнялося на высокі ўзровень ў 1960-1980-ыя гады менавіта дзякуючы нацыянальнай літаратуре – Быкаву, Мележу, Караткевічу, Адамчыку. Фільмы-клоны, якія складаюць цяперашні кінарэпертуар “Беларусьфільма”, робяць выканаўцы, бо сапраўдныя творцы падаліся працоўнай эміграцыі, каб не здымаць паўпрафесійную сцэнарную лухту.

“Беларусьфільм” да таго выпаліў рэжысёрскія кадры, што няма каму ажыццяўляць пастаноўкі тэлефільмаў “Забраны край” (пра трагічны лёс Янкі Купалы, добры сцэнар Алены Калюновай) і “Каласы пад сярпом тваім” паводле Караткевіча (сцэнар Аляксандра Качана). Ды ці зацікаўлены, акрамя міністра культуры, пры якім з’явіліся гэныя праекты, іншыя адміністрацыйныя інстанцыі аб іх рэалізацыі? Яны нерухомыя два гады.

Больш значнай мне падаецца тэндэнцыя капрадукцыі “Беларусьфільма” не только з расейскімі прадусерамі, тэлеканаламі і кампаніямі, але і з еўрапейскімі. У дыялогу культуролагаў Андрэя Расінскага і Максіма Жбанкова адзначана: сёлета “Беларусьфільм” фігураваў на міжнародных кінафестывалях, дзякуючы ўдзелу беларускага боку ў сумесных кінапраектах. Унёсак нашай кінастудыі ў вытворчасць фільма Сяргея Лазніцы “У тумане” паводле аповесці Васіля Быкава (Германія-Расія-Нідэрланды-Латвія-Беларусь) даволі сціплы – прыкладна пяць-шэсць адсоткаў (гэта ў асноўным дапамога некаторымі спецыялістамі і рэквізітамі). Найбольшы ўнёсак зрабіў германскі бок – прыкладна 70 адсоткаў. Аднак нават невялікі ўдзел трэба лічыць слушным (канешне, не перабольшваючы, як гэта робіцца беларускімі дзяржаўнымі СМІ), бо без такой падрымкі стужка магла б закансервавацца. Ды і не думаю, што лёгка атрымаўся гэты ўдзел, бо на вышэйшых адміністрацыйных паверхах ёсць функцыянерская стоп-машына, якой мастацкая філасофія Быкава што востры нож па горле.

Сяргей Лазніца, па паходжанню беларус, па грамадзянству украінец, ўжо дзесяцігоддзе жыве ў Германіі і здымае ў Расеі. Ён другі, на маю думку, рэжысер, што трактуе Васіля Быкава як аўтара прыпавесцяў “з ноткамі Дастаеўскага” (заўважана адным з замежных даследчыкаў творчасці Быкава). Першай была Ларыса Шапіцька. У савецкі час яна экранізавала “Сотнікава” (фільм “Узыходжанне”), дзе герой і антыгерой асацыююцца з Хрыстом і Юдай. У фільме Лазніцы таксама ўзнікаюць катэгорыя праведнасці, экзістэнцыяльны матыў выбару ў памежнай сітуацыі, маральны імператыў. Таму, відаць, фільм і зразумелы нейкай частцы заходняй аўдыторыі.

Спалучэнне ўмоўных калізіi і вобразаў з рэалістычнасцю адчуваецца ў стужцы эстонца Пеэтэра Сіма “Адзінокая выспа” (Беларусь-Эстонія-Латвія). Яе таксама заўважылі і нават узнагародзілі за лепшы сцэнар на Адкрытым фестывалі кіно краін СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі “Кінашок”. Тут беларускі ўнёсак прыкладна роўны (недзе больш за мільён еўра). Фільм зроблены ў жанры пазла (некалькі перакрыжаваных гісторый), даследуе сучасныя канфлікты паміж людзьмі розных узростаў, сацыяльнага стану і прафесій, а ўвогуле дасылае месэдж: жыццё такое складанае і зыбістае, што трэба вучыцца разумець адзін аднаго.

Кажуць: навоштa пляскаць ў далоні, гэта ж “гастрольныя” пастаноўшчыкі. Адказваю. Па-першае, стужкі Лазніцы і Сіма пошуковыя, што важна для кінастудыі, якая фактычна выпала з культурнага кінематаграфічнага кантэксту. Па-другое, набываецца вопыт кантактаў з незалежнымі прадусарамі Еўропы. Па-трэцяе: няўжо лепш фінансаваць сорамныя па якасці фільмы-аднадзёнкі, чым арт-хаўзныя рэпутацыйныя праекты?

Вось і працяг. Рэжысёр Андрэй Кудзіненка (“Акупацыя. Містэрыі”, “Масакра”) разам з адным з прадусараў “Адзінокай выспы” Гацісам Упмалісам перамаглі ў конкурсе праектаў “Кінашоку-2012” ў Расеі (трэцяя прэмія) і рыхтуюцца да рэтрафільма, звязанага з перыпетыямі двухгадовага жыцця ў Мінску Лі Харві Освальда (афіцыяльна абвешчанага ў ЗША забойцы прэзідэнта Джона Кэнэдзі). Па задуме гэта будзе капрадукцыя чатырох бакоў – Беларусі, Латвіі, Фінляндыі, Расеі. Пажадаем сабе сустрэчы з якасным дэтэктыўным фільмам.

Калі даследчыкі будуць асэнсоўваць нацыянальны аспект у кіно новага стагоддзя, яны не мінуюць здабыткі дакументалістаў. Канешне, наша хранікальная галіна кінематографа напалову працуе дзеля іміджу рэжыма. Аднак ёсць творцы, нясхільныя да ліслівасці нават у дзяржаўнай структуры. Рэжысёры Віктар Аслюк, Галіна Адамовіч, Міхась Жданоўскі, Вольга Дашук шукаюць тэмы, сюжэты, герояў, якія адлюстроўваюць беларускую ментальнасць. Яны фіксуюць спадчыну, што ўжо знікае, уваскрашаюць лёсы і дзеянні гістарычных асоб, словам, ствараюць поўнацэнны летапіс сацыяльна-псіхалагічнага вопыту суайчынніка. Ім цяжка, але іх стужкі цікавяць міжнародныя фестывалі Еўропы і Азіі, атрымоўваюць прызы першай ступені, і ў рэшце рэшт спрыяюць добраму рэнамэ студыі “Летапіс”, якая з’яўляецца падраздзяленнем “Беларусьфільма” і хацця б часткова апраўдвае яго статус як студыі нацыянальнай.

Яшчэ ёсць у нас цудоўная анімацыя. Па ўнутранай неабходнасці мультыплікатары ўжо некалькі гадоў працуюць над цыклам “Аповесць мінулых гадоў”, ствараючы мініяцюры пра старажытныя гербы гарадоў Беларусі. У тэхніцы беларускай выцінанкі робіць стужку за стужкай Міхаіл Тумеля. Калі б яго “мульцікі” мелі больш шырэйшую аўдыторыю, упэўнена: беларусы хутчэй далучаліся да дыяментаў нацыянальнай славеснаці і культуры. Вось некаторыя узоры фалькларыстыкі з яго фільма “Беларускія прымаўкі”: “Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў”, “Чорт чорта пазнаў ды і на піва пазваў”, “ Воўк не пастух, а казёл не агароднік”.

Тумелеўскімі вышукамі і падвяду рысу гэтым нататкам.

Алла Бабкова, незалежны кінакрытык
г. Менск






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.