АЛЕГ МІНІЧ: Палітычная сатыра мне ўжо нецікавая.

АЛЕГ МІНІЧ: Палітычная сатыра мне ўжо нецікавая.

Размова са стваральнікам легендарнага праекта “Мультклуб”, палітуцекачом Алегам Мінічам.

- Алег, дзе ты цяпер знаходзішся і як туды трапіў?

- Жыву ў Нямеччыне, недалёка ад Нюрнберга... Пакуль крымінальную справу ў Беларусі не закрылі. Дый пры гэтай уладзе не закрыюць. У Нямеччыну я трапіў транзітам праз Кіеў, дзе першы час пасля уцёкай з Беларусі мусіў пераседзець. Запрасілі ў Нюрнберг на фестываль, а пасля запрапанавалі тут застацца. Ну, застаўся. Кудыж мне было вяртацца? Тым больш, як стала вядома пасля, з надзейных крыніцаў, у Кіеве мне пагражала небяспека.

- Шырокай грамадскасці з паведамленняў СМІ пра цябе вядома: па першае, ты адзін з трох стваральнікаў «Мультклуба» – творчай суполкі, што займалася бягучай палітычнай сатырай, і другое – з табой у нейкай таямнічай справе супрацоўнічае Галівуд. Гэта ўсё, што беларус можа ведаць пра твой занятак за мяжой. Ці былі яшчэ праекты?

- Па-першае, няма і не было ніякай «творчай суполкі» мультклуба. Гэты праект я пачаў рабіць сам, выкладаў у інтэрнэт. І толькі праз нейкі час Павал Марозаў з «Трэцяга шляха» таксама пачаў гэта рабіць на старонцы сваёй арганізацыі. Але ніякага дачынення да сварэння прадукту пад назвай «Мультклуб» хлопцы з „Трэцяга шляха” не мелі. Хоць казалі яны зусім адваротнае грамадскасці. Але гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.

Быў „мультклуб”, супраца з „Белсатам”, але цяпер у асноўным займаюся праектамі з іншымі заходнімі студыямі. Для ангельскай студыі „Zero one film” рабіў „інтро”-ролік. Гэта твар кінастудыі, які глядач бачыць яшчэ перад непасрэдным пачаткам фільма. Таксама тое сёе рабіў для нямецкіх студыяў.

- А беларускія праекты?

- Апошнія гады для сябе рабіў „альтэрнатыўныя навагоднія віншаванні” Лукашэнкі. Пасля выстаўляў у інтэрнэт...А так – супраца з Белсатам (мульсерыял „Бульбаны” – рэд.) была апошняй... Я б з задавальненнем папрацаваў на які беларускі праект, але ніхто не запрашае.

- Тыя хто хто з табой меў дачыненні падкрэсліваюць тваю надзвычайную пыродную сціпласць. Думаеш яна табе дапамагае па жыцці ці наадварот стварае перашкоды?

- Не ведаю, нават. Цяжка мне сказаць. Але ў жыці заўсёды кіраваўся прынцыпам – ніколі, нікога і нічога не прасіць, і не наракаць. Але ці гэта дапамагае?..

- Ну, ты задаволены сітуацыяй, у якой апынуўся?

- Не ўсім... Напрыклад, як цяпер, калі раблю першую анімацыю 3D. Як кожны праект, на пачатку яму патрэбнае фінансаванне. Звяртаўся да некалькіх арганізацыяў: беларуская казка, унікальны праект, ці хацелі б вы прыняць у ім удзел? Пакуль ніхто зацікаўленасці не выказаў. Але разумееш, калі я звяртаюся з прапановай да кагосьці, а ён кажа: мне гэта нецікава, то другі раз я звяртацца не буду. Ніколі не „клянчу”.

- На колькі ты адчуваеш попыт у Беларусі на свае праекты?

- Яго няма. Мінулыя прэзідэнцкія выбары 2010 года, 2006-га... Я да ўсіх кандыдатаў звяртаўся: калі трэба якая дапамога, зраблю ўсё, што трэба. Абяцалі адгукнуцца, але ў выніку цішыня...

- Але ў Беларусі не толькі апазіцыйныя лідары жывуць, хоць, сапраўды іх там шмат...

- (смяецца) Таксама не маю. Зраблю тое-сёе, пакажу сябрам і канец на гэтым. Апошнія 3 гады я займаюся трохмернай графікай. А ў Беларусі цяпер толькі пачаткі гэтага. А і так на кантакт ніхто выходзіць. Таксама як і з афіцыйных структураў, відаць, ніхто не звернецца, бо „пазначаны” крымінальнай справай. Жыву з заходніх праектаў.

- І адзін з іх - таямнічы Галівудскі праект. Пасля паведамлення ў СМІ пра супрацу фабрыкі мрой з Мінічам, шмат хто з беларусаў падумаў ці не чарговая частка Шрэка выйдзе з-пад алоўка беларуса. Як на самой справе?

- Гэта не мультуплікацыя. Я працаваў над стварэннем фільма „since fiction”, быў адказны за спецэфекты. Працаваў так званым chef modeler, то бок кіраваў аддзелам мадэлявання. Распрацоўваў касмічныя караблі, бункеры і г.д.

- Ты быў адным з босаў у галівудскім фільме?

- У сферы мадэялявання – так. Фільм называецца Gemini Rising (пакуль невядома пад якой назвай буде выходзіць у нас). Сюжэт дастаткова просты. У будучыні людзі на адной з планет знаходзяць дзіўны іншапланетны карабель. Калі прывозяць яго да сябе - і пачынаюцца прыгоды са стварэннямі з гэтага карабля. Прэм'ера мае быць ужо ў ліпені.

Gemini Rising. Касмічныя караблі ў гэтым фільме ствараў беларус Алег Мініч

- Ты сутыкнуўся з няпростай драмай у асабістым жыцці. Праз „Мультклуб” цябе звольнілі з працы ў міліцыі, у той жа час страціў жонку ад цяжкой хваробы...

- Выбачаюся, але я не люблю на гэтую тэму размаўляць. Гэта маё, і не хочаца з нікім дзяліцца.

- Ці стварэнне анімацыі такой вострапалітычнай скіраванасці не ёсць ў пэўным сэнсе і асабістая помста рэжыму?

- Натуральна. Я маю вялікі зуб на іх. Праз іх я мушу скітацца па свеце, жыць на чужбіне. Але ўсю злосць я выліў у ранейшых сваіх мультах. Цяпер няма жадання. У 2010-м годзе яшчэ падавался, што ёсць шанец на эвалюцыю рэжыма, але пасля разгону Плошчы я канчаткова пераканаўся – Лукашэнка робіць тое ж самае, што і 8-10 год таму. І нічога яго не ўстане спыніць. Цяпер палітсатыра мяне не цікавіць. Чаго не скажаш пра мой апошні праект – беларускія народныя казкі ў 3D.

- Неўзабаве плануецца прэм'ера. Калі і як можна будзе пабачыць першую серыю?

- Спадзяюся, што першую казку закончу да верасня, каб у кастрычніку (26-28 – рэд.) паказаць на фестывалі „Bulbamovie” у Варшаве. Вельмі хочацца паказаць яго беларусам: у якасці HD, на вялікім экране. Гэта будзе 10 хвілін першага мульта 3D у Беларусі.

- А наступныя „10 хвілін” у планах?

- Абсалютна. Гэта толькі пачатак. Пры гэтым раблю на беларускай мове і беларускія казкі, каб паказаць, што і мы не з гліны злеплены. І мы можам, а не толькі амерыканцы ці рускія.

- Якія чаканні ад гледачоў ды крытыкаў на „Bulbamovie”?

- Мне галоўнае, каб спадабалася гледачам. Для яго раблю. А што скажуць крытыкі, тое і прыму

Размаўляў Алесь Залеўскі.






Copyright © 2014 by Fundacja Sunduk. All rights reserved. Created by Impresja.